Беларусь, Літва і Ўкраіна маюць 19 праектаў супрацы ва Ўсходнім партнёрстве

Калі іх падтрымаюць у снежні ў Бруселі, грошы на рэалізацыю паступяць ужо ў наступным годзе, распавёў Еўрарадыё літоўскі віцэ-міністр замежных спраў Эвалдас Ігнатавічус Міністры замежных спраў Літвы, Беларусі і Ўкраіны ў Кіеве абмеркавалі 19 праектаў супрацоўніцтва ў рамках ініцыятывы “Усходняе партнёрства”. Пра гэта Еўрарадыё распавёў віцэ-міністр замежных спраў Літвы Эвалдас Ігнатавічус:

“Мы распрацавалі ўсе гэтыя праекты і, калі я не памыляюся, мы будзем першымі, хто прадставіў трохбаковыя ўзгодненыя праекты ў такой колькасці, таму што шмат краін пакуль знаходзяцца толькі ў пачатковай стадыі ідэй, а мы ўжо добра прасунуліся, у нас былі ўжо і кансультацыі ў Вільні, Кіеве, Мінску, і канферэнцыі. На мінулым тыдні ў Вільні размаўлялі пра парламенцкае вымярэнне "Усходняга партнёрства”.

Міністры замежных спраў разглядалі варыянты супрацоўніцтва па 4 платформах:
першая — дэмакратыя і кіраванне, другая — эканамічная (у яе дадалі тэму транспарту),
трэцяя — энергетыка, а чацвертая — кантакты паміж людзьмі і агульная культурная спадчына.

Адным са стратэгічных праектаў з’яўляецца нафтаправод Адэса-Броды-Плоцк-Гданьск, у якім будзе ўдзельнічаць і наша краіна. Па словах Эвалдаса Ігнатавічуса, Беларусь таксама зможа зарабіць і на транзіце ўкраінскай электраэнергіі ў Літву.

Эвалдас Ігнатавічус: “Нядаўна падпісана пагадненне аб імпарце электраэнергіі з Украіны праз Беларусь. Гэта цікавы праект. Тут Беларусь таксама будзе ўдзельнічаць і выйграваць ад транзіту, і сваю энергію прадаваць пасля закрыцця Ігналіны. І яшчэ адна цікавая тэма — гэта аднаўляльныя энергаресурсы — біяэнергетыка, гідраэнергетыка, сонечная, ветравая”.

Літва, Беларусь і Ўкраіна будуць таксама супрацоўнічаць і ў мытнай галіне. Абмеркаваныя праекты прадугледжваюць мадэрнізацыю тэхналогій, павышэнне кваліфікацыі мытнікаў і паляпшэнне агульнай інфраструктуры. Такі праект ужо дзейнічае паміж Літвой і Ўкраінай, а ў будучыні да яго далучыцца і наша краіна.

Яшчэ адзін істотны абшар супрацоўніцтва — транспарт, адзначае літоўскі віцэ-міністр замежных спраў.

Эвалдас Ігнатавічус: “Гэта і калідор Клайпеда-Вільня-Мінск-Кіеў, аўтастрада; гэта і чыгуначны праект “Вікінг” — Адэса-Клайпеда праз Беларусь, гэта і ўвядзенне розных тэхналогій і еўрапейскіх стандартаў”.

Абмяркоўвалася таксама магчымасці стварэння працоўных месцаў для сацыяльна неабароненых людзей, напрыклад, для інвалідаў, павелічэнне занятасці жанчын, паляпшэнне якасці жыцця дзяцей, супрацоўніцтва ў сферы сямейнай палітыкі, экалогія, чысціня памежных рэк.

Шмат часу міністры замежных спраў Сяргей Мартынаў, Пятро Парашэнка і Вігаўдас Ушацкас прысвяцілі таксама супрацоўніцтву ў галіне турызму, ахове агульнай культурнай спадчыны Вялікага княства Літоўскага, стварэнню неабходнай інфраструктуры.

Усе гэтыя праекты будуць прадстаўленыя іншым краінам ЕС 8 снежня на сустрэчы ў Бруселі. Калі яны будуць ухваленыя, грошы на іх рэалізацыю паступяць ужо ў наступным годзе. Аднак самыя буйныя ініцыятывы атрымаюць магчымасць рэалізацыі не раней за 2012 год.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі