Беларусь падняла экспартныя пошліны на нафту і нафтапрадукты
Павялічаны экспартныя пошліны і на бензін, і на дызельнае паліва / ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Урад Беларусі прыняў рашэнне павялічыць экспартныя пошліны на нафту і нафтапрадукты. Новыя тарыфы пачынаюць дзейнічаць з 1 чэрвеня. Адпаведная пастанова Саўміна апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Стаўкі выраслі на 10 з невялікім працэнтаў. Так тарыфы на сырую нафту, мазут, бітум нафтавы, вазелін і парафін, адпрацаваныя нафтапрадукты павялічаныя да 16,2 долара за тону (на 1,8 долара). Стаўка пошліны на прамагонны бензін вырасла на 1 долар да 8,9 долара за тону, а на таварныя бензіны, дызельнае паліва, масла змазачныя – на 0,5 долара да 4,3 долара за тону.
Напярэдадні, нагадаем, з'явілася інфармацыя, што Беларусь хоча сур'ёзна павысіць з 1 ліпеня тарыфы і на транспарціроўку нафты – на 84% да дзейнага ўзроўню. Павышэнне павінна кампенсаваць страты ад увядзення санкцый, аргументуюць у Мінску.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.