Беларусь пакуль не плануе вяртацца да пераходу на зімовы час
Хаця Дзярждума Расіі на наступным тыдні плануе прыняць адпаведны закон. Ужо ўвосень Расія можа вярнуцца на зімовы час.
Як паведамляюць "Мінск-Навіны" са спасылкай на прэс-службу Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі, у нашай краіне гэтае пытанне пакуль нават не ўздымалася.
У Дзяржстандарце кажуць, што гаварыць пра гэта можна будзе толькі пасля прыняцця адпаведнай пастановы. А тады камітэт забяспечыць усё неабходнае з тэхнічнага пункту гледжання. Аднак з боку грамадзян нездаволенасцей на цяперашні рэжым часу не паступала, адзначае прэс-сакратар Дзяржстандарту Тамара Бардукевіч.
Нагадаем, зімовы час у Расіі быў адменены летам 2011 года з ініцыятывы Дзмітрыя Мядзведзева. Следам за Расіяй ад пераводу стрэлак адмовіліся і ў Беларусі. Тады асноўнай прычынай такога кроку называлі неабходнасць каардынаваць час з дзяржавамі — удзельніцамі Мытнага саюза.
Фота — rg.ru