Беларусь прагрэсуе, але цалкам не выканала ніводнай з умоваў Еўрасаюза

З паўгадовага выпрабавальнага тэрміну, які Еўропа дала Беларусі, прайшла роўна палова — тры месяцы. Якім чынам выконваюцца і ці выконваюцца ў прынцыпе 12 умоваў Еўрасаюза? Палітолаг Аляксандр Лагвінец лічыць, што па сутнасці Беларусь не выканала ніводнага з патрабаванняў:

Аляксандр Лагвінец: Поўнасцю ніводная з умоваў Еўрапейскага саюза не была выкананая, хаця былі зробленыя пэўныя крокі, якія ідуць у правільным кірунку, хаця працягваецца палітычны ціск. У прыватнасці, сёння няма доўгатэрміновых палітычных вязняў у Беларусі, ёсць пэўныя паслабленні ў сферы сродкаў масавай інфармацыі, ёсць абяцанні пра змену выбарчага кодэксу.

Паспрабуем паглядзець, што было зроблена для выканання кожнай з умоваў.

Першая ўмова Еўропы датычыць выбараў. Калі меркаваць па высновах АБСЕ, якія былі апублікаваныя пасля вераснёўскіх парламенцкіх выбараў, пэўны прагрэс у гэтым кірунку Беларусь зрабіла, аднак агульная адзнака хутчэй дрэнная, чым добрая.

Другая ўмова патрабуе вольных СМІ і незалежнай інфармацыі. “Нашу ніву” і “Народную волю” вярнулі ў сістэму распаўсюду Белсаюздруку, аднак па-за ёй засталося шмат рэгіянальных выданняў, напрыклад, “Газета Слонімская”. Застаецца адкрытым і пытанне акрэдытацыі замежных СМІ і журналістаў, якія на іх працуюць.

Трэцяе патрабаванне – пра грамадскія арганізацыі. Са станоўчага – нарэшце зарэгістраваны рух “За свабоду”. Аднак з дазволам на атрыманне міжнароднай дапамогі, які ўваходзіць у патрабаванне, пакуль глуха.

Чацвёртае – вызваленне палітвязняў. Гэта хіба адзіная ўмова, якую можна лічыць выкананай: доўгатэрміновых палітвязняў у Беларусі больш няма. Аднак застаецца нявырашанай справа чатырнаццаці і Аляксандра Баразенкі, асуджаных умоўна.

Пятае – расследаванне па справах знікнення людзей. Адчувальнага прагрэсу тут няма, аднак справу аб знікненні Юрыя Захаранкі напрыканцы мінулага года працягнулі да 24 сакавіка і прызначылі па ёй новага следчага: следчага па найважнейшых справах пракуратуры Мінска, малодшага дарадцу юстыцыі Ю.В. Вараўка.

Шостае  датычыць судовай сістэмы і права на незалежны суд. Відавочных зменаў не адбылося.

Сёмая ўмова патрабавала спыніць арышты і зняважлівае стаўленне да людзей. Як з апошнім – ацаніць цяжка, як у прынцыпе і тое, якое стаўленне лічыць зняважлівым, а якое не. А вось што да арыштаў, за апошнія некалькі месяцаў стаўленне да апазіцыянераў стала відавочна лагаднейшым: цяжка прыгадаць, каб кагосьці за гэты час пасадзілі на суткі.

Восьмы пункт – захоўваць правы нацыянальных меншасцяў. Тут таксама бачныя крокі наперад: шматпакутны “неафіцыйны” саюз палякаў больш не чапаюць ды і ніводнага “польскага шпіёна” за гэты час не злавілі. Хаця польскіх ксяндзоў высылаюць з Беларусі, абгрунтоўваючы тым, што яны не ведаюць дзяржаўных моваў.

Дзевятае патрабаванне – працоўныя правы грамадзянаў і права на сяброўства ў прафсаюзах. Кантрактная сістэма ўсё яшчэ актуальная, незалежныя прафсаюзы ўсё яшчэ па-за законам.

Дзесятая ўмова – свабода прадпрымальніцкай дзейнасці. Можна расцаніць як прагрэс указ № 703, які дазваляе прадпрымальнікам вазіць тавары з Расіі без дадатковага мытнага афармлення.

Па адзінаццатым пункце – адмене смяротнага пакарання – пакуль цішыня.

І ўрэшце 12 пункт – адкрыцца для дапамогі з Еўропы. Тут варта адзначыць, што Еўракамісія ў Беларусі працуе, чыноўнікаў тамтэйшых з іх інспекцыямі пускаюць, за выбарамі далі назіраць АБСЕшнікам. Ёсць прагрэс!

Аляксандр Лагвінец лічыць, што  дамагчыся ад цяперашняй улады выканання ўмоваў Еўропы можна толькі шляхам актыўнага ціску з боку грамадзянскай супольнасці.

Аляксандр Лагвінец: Ёсць пэўны шанец, што беларуская ўлада выканае гэтыя 12 умоваў, але толькі ў тым выпадку, калі ёй будзе “дапамагаць” сваім ціскам беларуская грамадзянская супольнасць, бо нашая ўлада разумее толькі мову вымушанасці. Калі яна не будзе мець іншых магчымасцяў, давядзецца выконваць гэтыя ўмовы. Чым мацнейшая будзе грамадзянская супольнасць у Беларусі, тым больш шанцаў, што беларускія ўлады будуць выконваць гэтыя пазіцыі.

Адкрытым застаецца пытанне, ці існуе ў Беларусі адпаведная грамадзянская супольнасць, каб ціснуць на ўладу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі