Беларусь так і не вырашыла праблему паставак у Індыю калійных угнаенняў

Беларусь так і не вырашыла праблему паставак у Індыю калійных угнаенняў

Беларусь так і не вырашыла праблему паставак у Індыю калійных угнаенняў. Гэта прызнаў беларускі пасол у Нью-Дэлі Андрэй Ржавускі. У інтэрв'ю ТАСС ён кажа, што пастаўкі ў Індыю калійных угнаенняў і грузавікоў "БелАЗ" "пакуль прыпыненыя", шукаюцца "магчымыя шляхі, як можна аднавіць гэтыя пастаўкі ў абыход еўрапейскіх краін". Паводле слоў пасла, нават тыя беларускія прадпрыемствы, якія не знаходзяцца пад заходнімі санкцыямі, "маюць складанасці пры дастаўцы тавараў праз еўрапейскія краіны і парты".

Што да паставак грузаў у Індыю, то варыянт праз Расію дагэтуль "разглядаецца". Андрэй Ржавускі нагадвае, што калійныя ўгнаенні з Беларусі складалі ў індыйскім імпарце ад 20% да 40%.

Пра тое, што Беларусь вядзе непублічныя перамовы з Індыяй аб пастаўках калійных угнаенняў (гаворка ішла пра 1 млн тон), яшчэ зімой паведаміў Reuters. Літва якраз спыніла транзіт беларускіх калійных угнаенняў — гэта было наступства раней уведзеных амерыканскіх санкцый супраць "Беларуськалія". Індыя спадзявалася купіць калійныя ўгнаенні ў Беларусі са зніжкай. "Беларуськалій" жа гатовы быў прыняць ад Індыі аплату ў рупіях. Але нешта пайшло не так.

Як пісаў Bloomberg, Індыя папрасіла Беларусь "удакладніць маршруты дастаўкі" ўгнаенняў. А якраз з гэтым у Мінска былі і застаюцца праблемы. У красавіку з'явілася інфармацыя, што Індыя шукае замену калійным угнаенням з Беларусі і Расіі.

Пасол таксама адзначае, то з-за санкцый Захаду ёсць праблемы з аплатай гандлёвых здзелак. "Ёсць прадузятасць з боку індыйскіх фінансавых інстытутаў з нагоды таго, каб не падпасці пад другасныя санкцыі ЗША і ЕС і пазбегнуць рэпутацыйных рызыкаў, кажа ён. — Таму лішні раз яны не хочуць праводзіць буйныя транзакцыі нават для тых банкаў, якія не знаходзяцца пад санкцыямі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі