Беларусь з 2017 года будзе пастаўляць ялавічыну ў Кітай

Беларусь з 2017 года будзе пастаўляць ялавічыну ў Кітай

На пачатку 2017 года Беларусь плануе арганізаваць пастаўкі ялавічыны ў Кітайскую Народную Рэспубліку. Пра гэта міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц распавёў журналістам 27 кастрычніка перад пачаткам першага экспартнага форуму "Беларусь мясная", перадае БЕЛТА. Наступным этапам будуць пастаўкі ў Кітай мяса птушкі.

Міністр паведаміў, што цяпер група экспертаў з Кітая працуе на чатырох беларускіх мясаперапрацоўчых прадпрыемствах у Брэсцкай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях. Яны займаюцца сертыфікацыяй беларускіх прадпрыемстваў. Заяц спадзяецца, што права пастаўляць прадукцыю на кітайскі рынак атрымаюць дзевяць прадпрыемстваў.

Міністр таксама нагадаў, што 34 беларускія малакаперапрацоўчыя прадпрыемствы атрымалі права пастаўляць малочную прадукцыю ў Кітай.

Другім перспектыўным рынкам міністр назваў Афрыку. "Трэба працаваць са спажыўцамі гэтага кантынента, таму што яны маюць патрэбу ў нашай прадукцыі — малочнай, мясной. Нядаўна нашу краіну наведвала дэлегацыя з Нігерыі. У гэтым рэгіёне адчуваецца недахоп прадуктаў харчавання. У сувязі з гэтым абмяркоўваюцца магчымасці пастаўкі сухога і суцэльнага малака, арганізацыі сумесных прадпрыемстваў па перапрацоўцы малака", — цытуе БЕЛТА заяву чыноўніка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі