Беларусь зможа ўвезці ў Расію больш як 500 відаў малочнай прадукцыі

Беларускія малакоперапрацоўчыя прадпрыемствы атрымалі ад лабараторыі Распажыўнагляду дазволы на імпарт у Расію больш як 500 відаў малочнай прадукцыі. Пра гэта паведаміў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Сямён Шапіра.  Агулам, па звестках "Інтэрфаксу", малакоперапрацоўчыя прадпрыемствы здалі ў расійскія лабараторыі 825 узораў прадукцыі.

Між тым, міністр падкрэсліў, што шэраг беларускіх прадпрыемстваў не змаглі ў поўным аб'ёме і своечасова падаць у лабараторыі Расспажыўнагляду ўзоры малочнай прадукцыі. Сямён Шапіра таксама канстатаваў праблему неадэкватнай рэакцыі кіраўнікоў малакоперапрацоўчых прадпрыемстваў на рэкамендацыі і даручэнні міністэрства, бо гэтыя прадпрыемствы знаходзяцца ў камунальнай уласнасці і падпарадкоўваюцца аблвыканкамам.

Міністр паведаміў, што ў 2009 годзе ў Беларусі плануецца атрымаць 6,3 млн т малака. З іх 2,5 млн т будуць пастаўленыя на ўнутраны рынак, а 2,8 млн т плануецца экспартаваць у Расію. Яшчэ 1 млн т будзе пастаўлены на рынкі трэціх краін. У прыватнасці, плануе пастаўляць малочныя прадукты ў Егіпет, Алжыр, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, Сірыю ды іншыя ўсходнія краіны. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі