Беларусам, праз якога ў Варшаве эвакуявалі міністэрства, аказаўся вядомы музыка

Ігар Б.

Ігар Б. / MOST

Беларус, якога затрымалі за прыход у міністэрства ў Варшаве з небяспечнымі прадметамі, — вядомы гродзенскі музыка Ігар Б. (польскае заканадаўства не дазваляе ўказваць прозвішча без дазволу). Пра гэта выданню MOST апавялі яго сябры.

Цяпер яны спрабуюць высветліць лёс музыкі і шукаюць адваката. Тэлефон Ігара недаступны, апошняя яго актыўнасць у сацсетках была суткі таму.

Паведамляецца, што затрыманы беларус застаецца ў паліцыі. Прэс-сакратар Варшаўскага аддзялення паліцыі KRP-I Якуб Пацыняк паведаміў выданню MOST, што 17 ліпеня матэрыялы справы будуць перададзеныя ў пракуратуру. Імя затрыманага ён не агучыў.

Як расказвала Еўрарадыё, 16 ліпеня з будынка Міністэрства сям'і, працы і сацыяльнай палітыкі ў Варшаве эвакуявалі 150 чалавек. Прылеглую тэрыторыю ачапілі, рух транспарту накіравалі на іншыя вуліцы. Прычынай стаў беларус, у сумцы якога знайшлі небяспечныя прадметы — газ, нож, тэлескапічную дубінку і сігнальную зброю.

Паведамлялася, што мужчына паводзіўся спакойна і нікому не пагражаў. Але ахова будынка выклікала паліцыю.

Пазней паліцыя паведаміла, што затрыманы беларус не меў пры сабе нічога супрацьзаконнага: усе знойдзеныя пры ім прадметы польскае заканадаўства дазваляе мець.

Сябры кажуць, што Ігар часта насіў пры сабе зброю: ён меркаваў, што яна можа спатрэбіцца дзеля самаабароны.

Раней яго ўжо затрымлівалі ў Польшчы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі