"Беларусьфільм" адказаў Курэйчыку: Канчалоўскаму заплацілі за "выкананыя работы"
Кінастудыя "Беларусьфільм" абазначыла сваю пазіцыю наконт фільма "Сляды на вадзе". Афіцыйны адказ кінастудыя даслала на адрас партала tut.by.
Як распавядала Еўрарадыё, фільм, зняты яшчэ ў 2016 годзе, атрымаў нядаўна гучны розгалас. Сцэнарыст Андрэй Курэйчык абнародаваў у сацсетках копіі дакументаў, звязаных са стварэннем гэтай кінастужкі. З іх вынікае, што расійскі кінарэжысёр Ягор Канчалоўскі атрымаў за фільм каля 125 тысяч долараў, хаця здымаў стужку беларускі рэжысёр Аляксандр Анісімаў. Імя Канчалоўскага не згадваецца нават у тытрах.
У лісце, які падпісаў гендырэктар кінастудыі Ігар Поршнеў, паведамляецца, штор Ягор Канчалоўскі цалкам правёў падрыхтоўчы перыяд фільма "Сляды на вадзе". Пры ім былі пабудаваныя ўсе дэкарацыі для карціны, былі зацверджаныя амаль усе акторы і падбіраліся касцюмы. За гэты канкрэтны перыяд — "за фактычна выкананыя iмi работы (аказаныя паслугi) падчас вытворчасці кінастужкі" — яму і яго асістэнту Анэце Калпахч'ян і былі выплачаныя грошы.
Пры гэтым прадстаўнікі кінастудыі абвяргаюць звесткі пра памер ганарараў. "Але сумы гэтыя нават аддалена не набліжаюцца да тых, якія былі апублікаваныя ў Сеціве, — яны на парадкі менш. Агучваць мы іх не можам, бо гэта камерцыйная таямніца", — цытуе tut.by прадстаўнікоў "Беларусьфільма".