"Беларусьфільм" здымае "Антысволачы"

Дзве прэм’еры рыхтуе сёлета кінастудыя “Беларусьфільм”, іх выхад плануецца ўжо ў пачатку траўня. Абодва фільмы прысвячаюцца вайне, і абодва прэтэндуюць на нестандартны падыход да тэмы. Абодва – не ўласна беларускія, а сумесныя з Расіяй праекты. Першы фільм называецца “Ворагі”, рэжысёр і аўтар сцэнарыя Марыя Мажар. Яна выпускніца ВГИКа , а да гэтага скончыла мінскі універсітэт культуры і мастацтваў. Фільм “Ворагі” – гэта першая частка трыпціха. Плануецца зняць тры фільмы, кожны з якіх, як кажа рэжысёр, абсалютна закончаная і самастойная гісторыя. Іх звяжа ідэя. Што гэта за ідэя, распавядае Марыя Мажар.

Марыя Мажар
: "Ідэя подзвігу. Як чалавек здзяйсняе подзвіг? Гэта як даследаванне подзвігу, як раскіданыя маленькія пазлы вялікай тэмы. Немцы ў фільме выступаюць людзьмі, якія адчуваюць, перажываюць, думаюць. Яны такія ж героі, як і мясцовыя беларускія жыхары. Яны пакутуюць, у іх свае праблемы.

Да гэтага вораг быў абстрактнай масай нейкай – ворагам, садыстам. Не важна, якой яны нацыянальнасці,
яны людзі. Яны сутыкаюцца, яны могуць не разумець адзін аднаго дзеля свайго менталітэту, ці выхавання, ці культуры. Кожны чалавек лічыць, што мае рацыю і дзейнічае па сваёй праўдзе".

За гэты сцэнарый на кінастудыі ўзяліся не адразу. Пяць гадоў таму там яму адмовілі, а прынялі толькі пасля таго, як ён ўзяў “Срэбнага Віцязя” на фестывалі “Залаты віцязь”. Прадзюсар карціны – вядомы расійскі рэжысёр Аляксей Учыцель.


ДАВЕДКА ЕЎРАРАДЫЁ:

Аляксей Учыцель – рэжысёр, народны артыст Расіі, заснавальнік кінастудыі “Рок”. У 2000-м годзе атрымаў “Ніку” і намінацыю на “Залаты глобус” за фільм “Дзённік яго жонкі”. У 2000-м зняў нашумелую “Прагулку”. За фільм “Космас як прадчуванне” атрымаў “Залатога святога Георгія”.


“Ворагі” – гэта фільм пра вайну, у якім ваенных дзеянняў не паказваецца. Пра жанр карціны распавядае крытык Анатоль Валодчанка.

Анатоль Валодчанка: "Гэты фільм можна назваць своеасаблівай экзістэнцыйнай драмай. Там гаворыцца пра людзей і пра чалавечы выбар. Пра тое, як паводзяць сябе людзі, пастаўленыя ў экзістэнцыйную сітуацыю. Нехта становіцца паліцаем, нехта здраджвае сваім родным і блізкім, нехта змагаецца да апошняга.

У гэтым фільме няма такога шаблоннага, карыкатурнага, кардоннага паказу немцаў. Немцы паказаны як жывыя людзі, якія таксама весяляцца, жывуць, пакутуюць. Яны таксама супраць гэтай вайны і аказаліся ўцягнутымі ў яе насуперак сваёй волі".


Другі фільм мае ажно тры назвы. Афіцыйная – “Радзіма ці смерць”, працоўная – “Авіятар”, а так званая “мянушка”, якой карысталіся на здымачнай пляцоўцы, – “Антысволачы”. Рэжысёр карціны – драматург Ала Крыніцына, і гэта яе першая праца ў кіно. Параўнальны аналіз двух прэм’ерных фільмаў праводзіць Анатоль Валодчанка.

Анатоль Валодчанка: “Радзіма ці смерць” – гэта фільм больш дынамічны, больш дзейсны, але, на маю думку, значна слабейшы. У цэнтры сюжэту фільма гісторыя пра своеасаблівую шпіёнскую школу, якую пабудавалі немцы і ў якой выхоўвалі дзяцей былых ворагаў народу. Але ў фільме распавядаецца, як дзеці не здраджваюць сваёй радзіме. Жанр гэтага фільма хутчэй баявік, чым псіхалагічная драма”.

Рэжысёр кажа, што фільм “Радзіма ці смерць” пабудаваны на мностве дакументальных фактаў, якія раскіданыя па мностве інфармацыйных крыніц. Радзіма ці смерць – гэта выбар цэлага пакалення, кажа аўтар. Пра тое, пры чым тут “Сволачы”, мы запыталіся ў Алы Крыніцынай.

Ала Крыніцына: “Яго называюць “Антысволачы”, бо ён зроблены ў нечым насуперак “Свалачам”. Не столькі кінарэжысёру Атанесяну, колькі кінадраматургу Куніну, які піша пастаянную бязглуздзіцу пра нашу краіну. Я глядзела карціну “Сволачы” перад тым, як працаваць над гэтым сцэнарыем.

У часы Вялікай Айчынай вайны фашысты сапраўды выкарыстоўвалі дзяцей у якасці нейкай сілы, якая магла б супрацьстаяць нашым войскам. У іх нічога не атрымалася, бо хоць і доля дзяцей была цяжкай, і ім дрэнна было пры савецкай уладзе, але паняцце радзімы – гэта як паняцце групы крыві.

На шчасце, у гэтых дзяцей гэта паняцце “родзіны-ўродзіны”, пра якую спявае Шаўчук, ёсць. Не важна, добра ў тваёй краіне ці дрэнна там. Калі гэта твая краіна і ты ў ёй нарадзіўся, то калі з ёй здараецца бяда, ты дапамагаеш ёй, а не ворагам гэтай краіны”.


“Беларусьфільм” абяцае прарыў, пішуць газеты. Хочацца спадзявацца, што гэта сапраўды так. Чакаем прэм’ераў.


Фота — http://f.foto.radikal.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі