Беларусі рэкамендуюць хутчэй павысіць кошт платных паслуг для насельніцтва
Пра гэта заявіў Антыкрызісны фонд Еўразійскага эканамічнага саюза.
Антыкрызісны фонд Еўразійскага эканамічнага саюза, з якім Беларусь абмяркоўвае новую крэдытную праграму, рэкамендуе беларускім уладам як мага хутчэй павышаць тарыфы на жыллёва-камунальныя і транспартныя паслугі. Рэкамендацыі былі агучаныя паводле вынікаў нядаўняга візіту ў Мінск місіі фонду.
"Утрыманне тарыфаў на жыллёва-камунальныя і транспартныя паслугі для насельніцтва на ўзроўні значна ніжэйшым за сабекошт стварае дадатковую нагрузку на бюджэт, праз які ажыццяўляецца субсідаванне ўсяго насельніцтва, незалежна ад узроўню даходаў, і зніжае канкурэнтаздольнасць рэальнага сектара праз механізмы перакрыжаванага субсідавання", — цытуе паведамленне БелаПАН.
Эксперты мяркуюць, што хуткае павышэнне тарыфаў здыме цяжар перакрыжаванага субсідавання з прадпрыемстваў і бюджэтных арганізацый, скароціць выдаткі бюджэту на субсідаванне гэтых паслуг і вызваліць рэсурсы на аказанне мэтавай адраснай абароны тых групаў насельніцтва, даходы якіх будуць найбольш уразлівымі ва ўмовах правядзення лібералізацыі.
Нагадаю, у сакавіку Беларусь накіравала заяўку на атрыманне новага крэдыту Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС. Гэтыя грошы павінны падтрымаць стабілізацыйную праграму ўрада і Нацбанка на 2015-2017 гады. Заяўка нашай краіны мусіць быць разгледжаная на працягу бліжэйшага месяца.
Фота: Fotolia