Беларуская федэрацыя футбола заплаціць мексіканцам за матч з нашай зборнай
Сума ганарару не агучваецца — гэта камерцыйная таямніца.
За прыезд у Барысаў на таварыскі матч супраць нашай нацыянальнай зборнай каманда Мексікі атрымае ганарар ад Беларускай федэрацыі футбола. Пра гэта ў размове з газетай “Прессбол” распавёў першы намеснік старшыні БФФ Сяргей Сафар’ян. Ён патлумачыў, што магчымасць праводзіць таварыскія спарынгі з топ-камандамі з’явілася пасля будаўніцтва “Барысаў-арэны” і ўзвядзення ў Мінску дастатковай колькасці гатэляў да хакейнага чэмпіянату.
Сафар’ян адзначыў, што ў прынцыпе арганізаваць таварыскі матч з топ-камандай — не такая ўжо недасягальная вышыня. Але ў кожнай вялікай зборнай ёсць свае пажаданні і патрабаванні. Напрыклад, шэраг камандаў не стане гуляць на стадыёне, дзе менш за 30 тысяч гледачоў. Таму, калі не будзе жорсткіх патрабаванняў па ёмістасці стадыёна, федэрацыя плануе і надалей дамаўляцца з моцнымі зборнымі.
Разам з тым, Сафар’ян не стаў называць памер ганарару, спаслаўшыся на камерцыйную таямніцу. Нагадаем, таварыскі матч паміж зборнымі Беларусі і Мексікі адбудзецца ў Барысаве 18 лістапада.
Фота — vvnd.blog.tut.by