Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт ладзіць Тыдзень беларускай мовы

БДУ збіраецца адзначыць Міжнародны дзень роднай мовы. З гэтай нагоды з 20 да 27 лютага на філалагічным факультэце запланаваны цыкл імпрэзаў.

Як інфармуе Generation.by, урачыстае адкрыццё пройдзе 20 лютага з удзелам рэктара БДУ акадэміка Сяргея Абламейкі, прафесара Аляксандра Лукашанца, кіраўніка кафедры тэорыі літаратуры філалагічнага факультэта Вячаслава Рагойшы. Студэнты філфака падрыхтавалі літаратурна-музычную праграму "Ад Бога мова ў кожнага народа...". Вершы вядомых беларускіх паэтаў, а таксама аўтарскія вершы студэнтаў будуць гучаць з 12.45 да 14.45 у аўдыторыі 304 па адрасе К. Маркса 31.

23 лютага запланаваная экскурсія ў Рэспубліканскую навукова-тэхнічную бібліятэку, дзе адбудзецца выстава "Радасць слова". На наступны дзень, 24 лютага, пройдзе тэлемост "Мінск-Віцебск". Выкладчыкі беларускага мовазнаўства Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта, супрацоўнікі філфака БДУ, а таксама вядомы беларускі літаратуравед Адам Мальдзіс абмяркуюць перспектывы развіцця і функцыянавання беларускай мовы. У аўдыторыі 313, дзе будзе адбывацца гэты дзень, пройдуць таксама прэзентацыі новых лінгвістычных выданняў. Пачатак у 14.15.

Пазнавальна-забаўляльная гульня "Філалогія і Я" пройдзе на філфаку 25 лютага. У ёй прымуць удзел першакурснікі. Пачатак у 12.45 у аўдыторыі 304.

Наступны дзень будзе прысвечаны "Дню беларускай філалогіі". Для студэнтаў будзе наладжаная сустрэча з кіраўніцай кафедры класічнай філалогіі філфака БДУ Галінай Шаўчэнка і прафесарам кафедры беларускай літаратуры Жаннай Некрашэвіч-Кароткай. Пачатак у 09.45 (аўдыторыя 62).

Завяршальнай імпрэзай тыдня беларускай мовы стане круглы стол "Пераклад у сістэме культурных сувязяў", які пройдзе 27 лютага ў 12.45 (аўдыторыя 304). У абмеркаванні прымуць удзел студэнты і выкладчыкі філфака, а таксама паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч.

Фота з суполак БДУ у сацсетках.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі