Беларускія палітуцекачы стварылі арганізацыю ў Бельгіі
"Людзі былі раней у розных партыях: БНФ, АГП... Але мы сабраліся і паразумеліся", — распавёў нам кіраўнік офіса беларускай палітычнай эміграцыі Юрый Жылко
У Бельгіі створанае аб'яднанне беларускіх эмігрантаў. Арганізацыя не хавае сваёй накіраванасці: слова "палітычная" вынесенае ў яе назву. З чым звязанае стварэнне Офіса беларускай палітычнай эміграцыі, і якія мэты мае гэтая арганізацыя, Еўрарадыё распавёў яе кіраўнік Юрый Жылко.
Юрый Жылко: "Жаданне згуртавацца было заўсёды, і такія крокі рабіліся і раней. Тыя людзі, якія ўжо даўно прыехалі ў Бельгію і засталіся як палітычныя эмігранты, паціху нешта згубілі... Але зараз пад уздзеяннем таго, што адбываецца ў Беларусі, паднялася новая хваля жадання нешта зрабіць, дапамагчы Беларусі"
Еўрарадыё: Якія мэты ставіць перад сабой Офіс?
Юрый Жылко: "Па-першае, мы павінны сабрацца разам, тыя сябры, якія жывуць тут у Бельгіі і маюць статус палітычнага эмігранта. Каб знайсці паразуменне. У нас тут людзі, якія былі раней у розных партыях: БНФ, АГП, і нават у моладзевых рухах. Але мы сабраліся і паразумеліся. І гэта мы можам прапанаваць і астатнім рухам, якія ёсць у Беларусі і ў замежжы, — аб'яднацца. Па-другое, мы маем тут магчымасць уплываць на еўрапейскія структуры, каб яны ставіліся да таго, што адбываецца ў Беларусі, з пазіцыі дэмакратыі і магчымасці развіцця дэмакратыі ў Беларусі. Мы намагаемся знайсці кантакты і наладзіць нармалёвую працу з палітычнымі арганізацыямі і рухамі ў Беларусі, якія за будучыню Беларусі. Зрабіць кансалідацыю гэтых сіл, што ў Беларусі, што тут, у Еўропе".
Еўрарадыё: Як урад Бельгіі ставіцца да такой ініцыятывы?
Юрый Жылко: "Я не думаю, што ўрад Бельгіі дакладна ведае пра нас, бо мы толькі пачынаем працу. Нашая арганізацыя стварылася толькі месяц таму, але ж у нас ужо ёсць напрацоўкі. Галоўнае для Бельгіі адносна эмігрантаў — гэта іх інтэграцыя ў бельгійскае жыццё. Больш добра ставяцца да арганізацыяў, якія працуюць у накірунку культуры, каб уліцца ў бельгійскае жыццё".
Фота: telegraf.by.