Беларускія прадпрымальнікі пераносяць бізнэс за мяжу
Як зніжэнне курсу долара ўплывае на даходы бізнэсоўцаў, а таксама, як ідзе падрыхтоўка да эканамічнай амністыі, расказвае прадпрымальнік Ігар Леднік.
Еўрарадыё: У Беларусі на тавары “другой неабходнасці” кошты пачынаюць зніжаюцца. Ці не звязана гэта з падвышэннем прадпрымальнікамі коштаў падчас дэвальвацыі?
Леднік: “Калі ты гандлюеш і не ведаеш, якім будзе заўтра курс валюты, канечне тады ў кошт сваіх тавараў ты уключаеш і “рызыкі”. Пазаўчора беларускія прадпрымальнікі сустракаліся з чыноўнікамі. Адбылося гэта напярэдадні паседжання прэзідыума саўміна, які будзе разглядаць пункты нацыянальнай платформы бізнэса. Прадпрымальнікі кажуць, што калі ўжо ёсць магчымасць набыць валюту, то можна знізіць і цэны”.
Еўрарадыё: Што зараз адбываецца са збытам? Ці можна параўнаць дадзеную сітуацыю з той, якая была да дэвальвацыі?
Леднік: “Тут трэба разглядаць канкрэтныя віды тавараў. Не магу адназначна сказаць, што ўсё наладзілася. Поспех бізнэса залежыць ад таго, колькі грошай на руках маюць людзі”.
Еўрарадыё: Ці ёсць зараз даходы ў прадпрымальнікаў?
Леднік: “Нядаўна адбылося паседжанне, падчас якога некаторыя прадпрымальнікі казалі, што пераносяць свой бізнэс за межы Беларусі. Нягледзячы на тое, што сітуацыя з валютай паволі стабілізуецца, тут яны не ўпэўненыя ў заўтрашнім дні. Іх ад’езд — стане вялікай праблемай для эканомікі Беларусі”.
Еўрарадыё: У выпадку, калі курс долара паступова будзе зніжацца, што будзе адбывацца з коштам на тавары?
Леднік: “Я сумняваюся ў дадзенай сітуацыі, што курс долара моцна ўпадзе, калі ў нашай эканоміцы адмоўнае сальда. Так ці інакш, усе кошты будзе вызначаць рынак. Для таго, каб індывідуальны прадпрымальнік мог заплаціць падаткі, арэнду, ён мусіць гандляваць. І канечне ён будзе зніжаць кошты толькі да той мяжы, пакуль у яго будзе прыбытак”.
Еўрарадыё: Ці ўзрастае кошт аплаты арэнды?
Леднік: “Аплата за арэнду прывязаная да курса еўра. Мы даўно змагаемся за тое, каб аплату не прызвялі да гэтай валюты. Мы патрабуем, каб гэтую аплату прывязалі да курса беларускага рубля”.
Еўрарадыё: На якія тавары сёння цэны растуць, і на якія зніжаюцца?
Леднік: "Я не магу так проста адказаць на гэтае пытанне. Зараз я займаюся падрыхтоўкай праграмы на будучае. Я рыхтуюся да тых мерапрыемстваў, якія адбудуцца ў сувязі з дакументамі па эканамічнай амністыі. Мы атрымалі ліст з міністэрства эканомікі, у якім нам прапануецца, каб мы арганізавалі мерапрыемствы, якія б паскорылі гэты працэс. Таму зараз я займаюся амністыяй капітала”.
Еўрарадыё: Што вам прапануе дзяржава ў гэтых дакументах?
Леднік: “Зараз нашая эканоміка перажывае цяжкія часы. Пытанне па амністыі капітала падымалася штогод, але вырашэнне яго чамусьці блакавалася праваахоўнымі органамі. Зараз прапануецца, каб гэтае пытанне разглядалася з удзелам саюзаў прадпрымальнікаў і міжнародных экспертаў. Магчыма, становішча сапраўды такое складанае, што яны вырашылі звярнуцца і да нас па дапамогу”.