Беларуску могуць асудзіць у Тайландзе на 20 гадоў зняволення
Беларуску могуць асудзіць у Тайландзе на тэрмін ад 3 да 20 гадоў зняволення. Анастасія Вашукевіч (Насця Рыбка) — фігурантка справы аб незаконным “сэкс-трэнінгу”. Цяпер яе і яшчэ некалькі чалавек вінавацяць у згвалтаванні і арганізацыі прастытуцыі. Заяву з гэтымі абвінавачаннямі напярэдадні ў паліцыю Патаі падаў пацярпелы, паведамляе сайт ria.ru. Вядома, што галоўны абвінавачаны — мужчына, які ўдзельнічаў у “сэкс-трэнінгу”. Вашукевіч і расіянін Аляксандр Кірылаў (Алекс Леслі) праходзяць як яго саўдзельнікі. Суд спачатку быў прызначаны на 17 красавіка, але можа адбыцца і раней.
Тым часам высветлілася, што сярод затрыманых у Тайландзе ёсць яшчэ адзін грамадзянін Беларусі — Ігар Кучаравенка. Тыдзень таму яго асудзілі за незаконную прадпрымальніцкую і працоўную дзейнасць на тры месяцы турмы ўмоўна і да штрафу ў памеры 100 долараў. Ён і яшчэ двое расіян прызналі сваю віну. 5 красавіка Кучаравенку збіраліся дэпартаваць на радзіму. Аднак пасля з’яўлення новага абвінавачання беларуса могуць затрымаць у Тайландзе.
Пра затрыманне некалькіх дзясяткаў удзельнікаў “сэкс-трэнінгу” ў Тайландзе стала вядома ў канцы лютага. Сярод іх апынулася і Анастасія Вашукевіч. Яна стала вядомая пасля з’яўленне 8 лютага скандальнага карупцыйнага расследавання расійскага апазіцыянера Аляксея Навальнага. З дапамогай фота і відэа, якія дзяўчына з Бабруйска змяшчала ў Instagram, а таксама яе кнігі, ён распавёў пра сувязь алігарха Алега Дзерыпаскі і віцэ-прэм’ера Расіі Сяргея Прыходзькі.