Беларуску ў Тайландзе могуць судзіць за вытворчасць непрыстойнага відэа
Беларуску ў Тайландзе могуць судзіць за вытворчасць непрыстойнага відэа. Анастасія Вашукевіч (Насця Рыбка) была затрыманая ў гэтай краіне ў канцы лютага разам з дзясяткамі ўдзельнікаў “сэкс-трэнінгу”, які праводзіў расіянін Аляксандр Кірылаў (Алекс Леслі). Спачатку іх абвінавачвалі ў незаконнай прадпрымальніцкай і працоўнай дзейнасці, пасля — у згвалтаванні, сэксуальным дамагальніцтве і арганізацыі прастытуцыі. Як інфармуе ria.ru, Вашукевіч збіраюцца судзіць за вытворчасць і распаўсюд непрыстойнага відэакантэнту разам з Кірылавым. За такія злачынствы пагражае да 5 гадоў зняволення, альбо штраф у памеры каля 2 тысяч долараў.
Паліцэйская праверка працягваецца. Па яе выніках будзе прынятае рашэнне, ці перадаваць матэрыялы ў пракуратуру і суд.
Насця Рыбка стала вядомая пасля з’яўлення 8 лютага скандальнага карупцыйнага расследавання расійскага апазіцыянера Аляксея Навальнага. З дапамогай фота і відэа, якія дзяўчына з Бабруйска змяшчала ў Instagram, а таксама яе кнігі, ён распавёў пра сувязь алігарха Алега Дзерыпаскі і віцэ-прэм’ера Расіі Сяргея Прыходзькі.