Беларусы на 4 месцы ў свеце па недахопе мужыкоў

Якія месцы займае Беларусь у сусветных рэйтынгах? 1 месца ў свеце па вытворчасці бульбы на душу насельніцтва (901 кг кожнаму беларусу). А паводле ўраджаю бульбы Беларусь на 8 месцы. Яшчэ горш з ураджайнасцю — Францыя, Нідэрланды, Вялікабрытанія, Нямеччына — у два разы больш бульбы з кожнага га здымаюць, піша ў сваім блогу Віктар Малішэўскі.

2-3 месца па колькасці лекараў. Згодна са звесткамі арганізацыі Doctors of the World, кожны 220-ы беларус у краіне працуе лекарам. Больш толькі на Кубе (там 1 урач на 170 кубінцаў). Горш за ўсё з медыкамі ў Малаві — адзін доктар на 50 тысяч. У Польшчы лекар — на 400 чалавек.

2-4 месца па колькасці зняволеных на 100 тысячаў насельніцтва. Згодна з дадзенымі World Prison Population List-2007, у Беларусі 532 зняволеныя на 100 тысяч насельніцтва. Столькі ж у Расіі і на Бермудах. Лідыруюць ЗША — 714 зняволеных. А менш за ўсё зэкаў у Індыі — усяго 29 на 100 тысячаў, хоць гэта мільён зняволеных! Але тое дадзеныя за 2007 год — тады за кратамі было 52 тысячы. Сёння ў Беларусі 36,5 тысячаў зняволеных — гэта 373 чалавекі на 100 тысяч. Тады мы "ўпалі" на 14 месца ў свеце.

3 месца ў свеце паводле кантролю за інтэрнетам, паводле версіі няўрадавай амерыканскай кампаніі CryptoHippie. Больш строгі Кітай (першае месца) і КНДР (другое). Наступная пасля нас — Расія.

4 месца ў свеце па недахопу мужчын. На 100 жанчын у Беларусі толькі 87 мужчын. Горш за нас з мужыкамі толькі ў Расіі (86), ва Ўкраіне (86) і ў Латвіі (85).

5 месца ў свеце па самазабойствах сярод мужчын. З 100 тысячаў мужыкоў штогод сканчаюць з жыццём 55,7 чалавек. Беларускі ў гэтай  сумнай статыстыцы на 20 месцы (9,4 самазабойства на 100 тысяч).

5 месца ў свеце па колькасці абортаў (31,7 аборт на тысячу жанчын). Больш у Расіі (53,7), у В'етнаме (35), у Казахстане і Эстоніі (33).

6 месца ў свеце па падлетках ва ўзросце да 15 гадоў (14,7% насельніцтва). Горш за нас з моладдзю ў кітайцаў (12%), японцаў (13,3%), італьянцаў (14,2%).

8 месца ў свеце па паленні. А беларускі тут толькі на 90-м месцы ў свеце. Самыя курцы — грэкі. Галандцы на 11-м месцы. Мы палім больш!

10 месца ў свеце па забойствах. 0,0983495 на тысячу чалавек. Больш за ўсё забіваюць у Калумбіі. Больш небяспечнай за нас у забойным рэйтынгу з'яўляецца Венесуэла, Расія, Латвія і Літва.

12 месца ў свеце па колькасці блогаў на livejournal
(40 тысяч 888 беларускіх блогераў). Гэта больш, чым у Нью-Ёрку!

22 месца ў свеце па колькасці карыстальнікаў інтэрнету (56,5% насельніцтва там былі). Такія дадзеныя былі агучаныя ў дакладзе Канферэнцыі ААН па гандлі і развіццю "Інфармацыйная эканоміка 2007-2008".

48 месца ў свеце па спажыванні спіртнога. Згодна са звесткамі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя 2004 года, самая п'яная краіна —  Уганда з 19 літрамі спіртнога на кожнага. Але гэта таксама рэйтынг пяцігадовай даўніны, калі нам залічылі ўсяго 8,12 літра спіртнога на чалавека. Сёння міністр аховы здароўя кажа: кожны беларус выпівае 12,4 літра ў год. Перамяшчаемся адразу на 13-е месца.

93 месца ў свеце паводле валавога ўнутранага прадукту на душу насельніцтва. У 2007 годзе па 4621 долара на кожнага. У ісландцаў у 13 разоў больш — 62 тысячы долараў. Горш за нас украінцы —  толькі 3 тысячы долараў на чалавека.

104 месца ў свеце ў рэйтынгу шчасця, які апублікаваў брытанскі прыватны фонд New Economics. З шчасцем у нас лепей, чым у ЗША! А ў мінулым рэйтынгу мы толькі на 165-е месца "нашчасцілі".

132 месца ў свеце ў індэксе дэмакратыі ад часопіса Economist. Палітычная культура ў нас ацэненая ў 4,38 балы з 10 магчымых, а ў Расіі — у 3,75. Але гэта яшчэ што: у Іраку 4,38 — як у нас!

144 у свеце па працягласці жыцця (жывем у сярэднім 70,34 года).

146 месца ў свеце па ўзроўні карупцыі нам дае Міжнародная няўрадавая арганізацыя Transparency International. Нашыя суседзі ў рэйтынгу — нашыя суседзі па жыцці: Азербайджан, Казахстан, Кыргызстан і Таджыкістан. Расія на 143 месцы. Самыя сумленныя чыноўнікі — у Фінляндыі, Сінгапуры, Швейцарыі і Нарвегіі.

176 месца ў свеце па лёгкасці выплаты падаткаў паводле версіі міжнароднай аўдытарскай кампаніі PricewaterhouseCoopers. Гэта таму што 1188 гадзінаў у год трэба выдаткаваць у нашай краіне на выплату падаткаў. Горш у Камеруне (1400 гадзінаў) ды ў Бразіліі (2600 гадзінаў). А ў Швейцарыі — толькі 63 гадзіны. Ну, гэта таму што нам трэба заплаціць 112 падаткаў у год. Падаткавая стаўка ў Беларусі — 117,5% прыбытку.

Фота: www.paradnevest.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі