Беларусы з буйным лікам прайгралі аўстрыйцам і пакінуць элітны хакейны дывізіён
Шайба ўлятае ў вароты беларускай зборнай. Фота: Reuters
У сваім шостым матчы на чэмпіянаце свету па хакеі ў Даніі зборная Беларусі з буйным лікам прайграла аўстрыйцам ― 0:4. Гэты лік усталяваўся на апошняй хвіліне другога перыяду і ў апошнюю дваццацімінутку застаўся нязменным.
Па выніках турніру беларусы пакінуць хакейную эліту ― апошні матч са Славакіяй для нас ужо нічога не вырашае. Упершыню з 2004 года зборная Беларусі згуляе ў першым дывізіёне.
Бягучы чэмпіянат свету складваецца для беларусаў вельмі няўдала. Яны не змаглі выйграць ніводнага матчу, за 18 згуляных перыядаў закінуўшы ўсяго 4 шайбы і прапусціўшы 29. Пасля першых трох прайграных гульняў галоўны трэнер зборнай Беларусі Дэйв Льюіс падаў у адстаўку. Каманду ўзначаліў трэнер гродзенскага "Нёмана" Сяргей Пушкоў, але пераламаць ход турніру яму апынулася не пад сілу.
У наступным годзе супернікамі нашай каманды будуць Казахстан, Славенія, Паўднёвая Карэя, Венгрыя і Літва. Каб вярнуцца ў топ хакейных краінаў свету, трэба будзе заняць першае ці другое месца.