“Белэнерга” выявіла прычыну адключэння святла ў цэнтры Мінска
Раён плошчы Незалежнасці і Нямігі заставаўся без электрычнасці прыкладна 40 хвілінаў.
Знікненне электрычнасці ў цэнтры Мінска ўдзень 11 жніўня звязанае з адсутнасцю напружання на сілкавальнай лініі электраперадач 35кВ. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў Белэнерга.
“У 16.03 ўсе спажыўцы былі запітаныя па рэзервовых сувязях. Аператыўным службам спатрэбілася менш за трыццаць хвілін для аднаўлення электразабеспячэння спажыўцоў. Персаналам Мінскіх кабельных сетак ажыццяўляецца абыход трасы лініі 35 кВ для высвятлення прычын парушэння электразабеспячэння спажыўцоў”.
Па словах Аляксандра Малькова, намесніка кіраўніка ўпраўлення інфармацыйных тэхналогій Белэнерга, парушэнне электразабеспячэння ніяк не звязанае з цяперашняй анамальнай спёкай:
“Паколькі кабельная лінія знаходзіцца ў зямлі, і калі яна недзе пашкодзілася, то наўрад ці спёка паўплывала на яе выхад са строю”.
Як паведамляе БЕЛТА са спасылкай на ўпраўленне інфармацыйных тэхналогій аб’яднання “Белэнерга”, знікненне напружання стала вынікам пашкоджання кабельнай лініі падчас земляных работ.
Абрыў кабелю выявілі падчас абыходу лініі 35 кВ, якая сілкуе падстанцыю “Цэнтральная”. Пашкоджанне адбылося падчас раскопак, якія праводзіла будаўніча-мантажная арганізацыя.
Электрычнасць знікала на вуліцах Няміга, Інтэрнацыянальная, Камуністычная, Кірава, Леніна, Карла Маркса і іншых. Тут не працавалі святлафоры і рух на вуліцах быў ускладнены шматлікімі заторамі.
Дарэчы, будынак міністэрства энергетыкі таксама апынуўся ў эпіцэнтры “электрычных” падзей, як і офіс Еўрарадыё, бо таксама знаходзяцца на вуліцы Карла Маркса, дзе апроч іншага, амаль гадзіну не працавалі банкі, крамы і некаторыя рэстараны.
Адключэнне святла ў цэнтры Мінска выклікала транспартны калапс (фота)
Байкер трапіў пад колы таксі падчас адключэння электрычнасці (фота)