"Белсат": акумулятарны завод пад Брэстам не атрымаў афіцыйны дазвол на працу
28 траўня спецыяльная камісія мусіла падпісаць акт, які дазваляў бы акумулятарнаму заводу пад Брэстам пачаць вытворчасць. Аднак дакумент так і не падпісалі, распавядае тэлеканал "Белсат" са спасылкай на праціўнікаў запуску заводу.
Па словах актывіста Змітра Бекалюка, акт уводу ў эксплуатацыю не падпісаў намеснік дырэктара па дзяржаўнай экалагічнай экспертызе Яўген Рачэўскі. "Гэта значыць, што экалагічная бяспека аб’екта не пацверджаная і эксплуатаваць яго экалагічна небяспечна, таму не быў падпісаны сёння акт уводу", — тлумачыць Бекалюк.
Дазвол на працу акумулятарны завод не можа атрымаць ужо трэці раз. Папярэднія спробы былі ў лютым і напрыканцы красавіка. Новая магчымая дата прыёмкі — 11 чэрвеня.
Тым часам грамадскія актывісты лічаць, што завод у траўні нелегальна пачаў працу. Яны стварылі адмысловую вахту і кругласутачна дзяжураць каля завода, фіксуюць усе парушэнні.
Пратэсты супраць завода, які пабудавала кампанія "АйПаўэр", адбываюцца з лютага 2018 года кожную нядзелю. На акцыі 26 траўня гараджане пачалі збор подпісаў пад зваротам да кіраўніка Беларусі. Яны прапануюць перапрафіляваць небяспечнае прадпрыемства, якое нясе пагрозу жыццю і здароўю людзей у рэгіёне. Напрыклад, прапануецца перанесці туды ўчастак ліцця заводу "Брэстгазаапарат" або цэхі Брэсцкага электралямпавага завода.