“Безумоўна, атмасфера свабоды": як студэнтам прадстаўлялі новых рэктараў
Прызначанныя ўчора рэктары трох беларускіх ВНУ — МДЛУ, БДКУМ і БрДТУ — сёння афіцыйна пачалі працаваць. У мінскіх універсітэтах новых кіраўніц сёння прадставілі на вельмі высокім узроўні.
"Культуры і мастацтва — гэта атмасфера свабоды"
Калектыву Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту культуры і мастацтваў новую рэктарку Наталлю Карчэўскую прадставіў асабіста прэмʼер-міністр Раман Галоўчанка. Цікава, што ён сам адразу прызнаў, што займаецца крыху не сваёй справай:
— Дастаткова рэдкі выпадак, калі прамʼер-міністар прадстаўляе рэктара вышэйшай навучальнай установы — унікальнай у Беларусі ў сферы падрыхтоўкі кадраў культуры, — прамовіў ва ўніверсітэце прэмʼер.
Галоўчанка адзначыў, што культура і мастацтва — "гэта безумоўна, атмасфера свабоды".
— Свабоды, якой патрабуюць маладыя людзі. Але, напэўна, не вельмі разумеюць, чаго на самой справе хочуць.
Прэмʼер дадаў, што свабода ў яго разуменні ў дадзеным выпадку — гэта свабода самавыяўлення і самарэалізацыі. Ён падкрэсліў, што ўлады не пойдуць на цэнзуру. “Але гэта не выключае выхавання характару, закладання асноў патрыятызму і самае галоўнае — крытычнага асэнсавання таго, што ўкладвалася ў вушы маладому пакаленню”.
Акрамя Галоўчанкі, прысутнічаў сёння ў "кульку" і міністр культуры Юрый Бондар.
Раніцай са студэнтамі, увечары — з супрацоўнікамі
Новая рэктарка МДЛУ Наталля Лапцява не стала нічога чакаць і пачала працаваць ужо раніцай. Праз афіцыйны тэлеграм-канал універсітэта яна заклікала актыўных студэнтаў запісвацца на сустрэчу.
Пасля гэтага Лапцева пагутарыла са студэнтамі проста на лесвіцы ўніверсітэту. Рэктарка зноў, ужо вусна, паабяцала зрабіть усё для дыялога паміж студэнтамі ды кіраўніцтвам ВНУ.
Што цікава, стаўлянне да яе новай пасады ў студэнтаў дагэтуль супярэчлівае. Некаторыя прыгадваюць: "Заўседы здавалася мілай" — але не разумеюць, чаго ад Лапецвай чакаць на новай пасадзе. Асабліва з улікам даручэння ад Аляксандра Лукашэнкі “навесці парадак”.
Лапцеву афіцыйна прадставілі калектыву МДЛУ — прычым, нават на больш высокім узроўні, чым Карчэўскую. Да яе прыехаў кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергіенка ды міністр адукацыі Ігар Карпенка. Аднак навінаў і цытат з прадстаўлення новай кіраўніцы дзяржаўныя СМІ не выдавалі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.