Блогер Лапшын адмовіўся паціснуць руку беларускаму паслу

Аляксандр Канюк (злева) і Аляксандр Лапшын (у чорнай футболцы ў цэнтры) на выставе ў Ерэване​ / фота з сацсетак
Аляксандр Канюк (злева) і Аляксандр Лапшын (у чорнай футболцы ў цэнтры) на выставе ў Ерэване​ / фота з сацсетак

Вядомы блогер Аляксандр Лапшын, якога Мінск у 2017 годзе выдаў Азербайджану, не стаў размаўляць з беларускім паслом у Арменіі Аляксандрам Канюком, нават адмовіўся паціснуць яму руку. Яны абодва апынуліся на адной сцэне падчас турыстычнай выставы ў Ерэване, распавядае "Радыё Свабода".

Лапшын і Канюк былі ганаровымі гасцямі выставы. Але ад калектыўнага фота з Канюком, а таксама іншымі ганаровымі гасцямі — пасламі Індыі і Італіі, блогер адмовіўся.

Аляксандр Лапшын прызнаўся журналістам, што выдатна памятае пра ролю Канюка ў гісторыі з яго выдачай Баку. У тыя гады Канюк узначальваў генеральную пракуратуру, і быў адным з тых, хто падпісваў дакументы на экстрадыцыю. Азербайджан патрабаваў яго выдачы за наведванне Нагорнага Карабаха без дазволу азербайджанскіх уладаў. Супраць экстрадыцыі блогера выступалі улады Расіі, Ізраіля і Арменіі. Але Мінск аддаў блогера Баку. Там яго асудзілі на 3 гады пазбаўлення волі, аднак праз пару месяцаў памілавалі і экстрадавалі ў Ізраіль (у Лапшына ёсць ізраільскі пашпарт).

Блогер ахарактарызаваў Канюка, як чалавека "які не мае ні свайго меркавання, ні сваёй пазіцыі. Гэта слугі Лукашэнкі, якіх кідаюць з адной пасады на іншую".

Лапшын сумняваецца ў шчырасці беларускага пасла, калі той на выставе ў Ерэване хваліў віно са Сцепанакерта і казаў, як любіць армян. Блогер лічыць, што пасольства Беларусі ў Ерэване на чале з Канюком — гэта "сакрэтнае прадстаўніцтва Службы дзяржаўнай бяспекі Азербайджана ў Арменіі па зборы інфармацыі".

Лапшын нагадаў, што падчас вайны ў Нагорным Карабаху ў кастрычніку-лістападзе 2020 Канюк знаходзіўся ў складзе беларускай місіі ў Баку.

"Супадзенне? Не веру!",— кажа Лапшын. Ён мяркуе, што Канюк нясе адказнасць за "пасадкі ў турмы тысяч беларусаў" і ён "павінен быць выгнаны з Арменіі".

Аляксандр Канюк пакінуў пасаду генеральнага пракурора Беларусі ў верасні 2020 года.

Блогер Лапшин отказался пожать руку белорусскому послу
Лапшына экстрадавалі з Менска ў Баку ў лютым 2017 года / trend.az

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі