Борыс: Дыялог паміж СПБ і беларускімі ўладамі – справа часу

Большасцю галасоў Анжаліку Борыс другі раз выбралі старшынёй незарэгістраванага Саюза палякаў Беларусі. Сёмы справаздачна-выбарчы з’езд арганізацыі адбыўся ў Гродне ў нядзелю. На яго запрасілі 225 дэлегатаў, з якіх здолелі прыехаць 167. Некаторых па дарозе напаткалі перашкоды, аўтамабілі спыняла міліцыя, спраўджвалі дакументы. Паколькі прысутнічала больш за 70% дэлегатаў, з’езд быў правамоцны.

На ім разглядалася некалькі пытанняў, сярод іх справаздача Анжалікі Борыс аб дзейнасці за 2005-2009 гады, выбары новага старшыні і кіраўнічага органу. Паколькі з’езд праходзіў у малой зале, усім месца не хапіла. Некалькі дзесяткаў сябраў арганізацыі сабраліся на падворку. Аб тым, што адбывалася ўнутры, яны слухалі праз калонкі.



Тых, хто вымушаны быў сачыць за падзеямі пад адкрытым небам, Анжаліка Борыс прывітала першымі. З Польшчы на з’езд прыехалі віцэ-маршалак Сенату Збігнеў Рамашэўскі, віцэ-маршалак Сейму Кшыштаф Путра, дэпутаты польскага парламента і Еўрапарламента ад Польшчы.

Таксама прысутнічалі прадстаўнікі польскага дыпламатычнага корпуса (у тым ліку пасол Польшчы ў Беларусі Генрык Літвін) і лідэр руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч.
Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск напісаў у прывітальным лісце да ўдзельнікаў, што польскі ўрад і далей будзе падтрымліваць дзейнасць арганізацыі, якую не прызнаюць беларускія ўлады.



З’езд пачаўся малітвай. Затым са справаздачай выступіла Анжаліка Борыс:

"Перадусім я хацела б вам падзякаваць за адданую працу. За тое, што нягледзячы на цяжкія хвіліны, вы ніколі не былі абыякавымі. Я хацела б, каб гэтыя гады, 2005-2009, былі найгоршыя ў гісторыі Саюза палякаў. Але нягледзячы на ўсё, яны моцна нас змабілізавалі. Калі на шалі трэба было паставіць сваё жыццё, жыццё сваіх блізкіх. Лёгка працаваць, калі ўсё ідзе гладка.

Саюз палякаў — арганізацыя апалітычная, як у Беларусі, так і ў Польшчы. Абвінавачванні ва ўцягванні ў палітыку нам прад’яўлялі за тое, што мы моцна баранілі свае правы. Але нас вымушалі гэта рабіць. Саюз палякаў на працягу гэтых пяці гадоў не ўдзельнічаў ні ў парламенцкіх, ні ў прэзідэнцкіх выбарах. Да Саюза палякаў належаць людзі розных палітычных поглядаў. На з’езд былі запрошаны ўлады Беларусі, лідэры апазіцыі і дэмакратычных партый.

Усе людзі ў зале маюць свой погляд, але аб’ядноўвае нас культура, польская мова і гісторыя. Сённяшні з’езд — гэта сведчанне таго, што арганізацыя працягвае існаваць, жыць і што людзі хочуць да яе належыць".

У адказ дэлегаты заспявалі “Sto lat”. Анжаліка Борыс зазначыла, што дыялог паміж арганізацыяй і беларускімі ўладамі — гэта толькі справа часу:

"Нам важны дыялог. Мы не з’яўляемся арганізацыяй палітычнай. Нам важна, каб было добрае супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Польшчай, Беларуссю і Еўропай... Партнёрства, дыялогу можна дасягнуць. Але калі з аднаго боку ёсць шчырасць, а з другога яе няма, можа на гэта яшчэ не час. Таму мы, грамадзяне гэтага краю, грамадзяне Беларусі і нам згодна з канстытуцыяй належыць нармальнасць функцыянавання".

Акрамя Анжалікі Борыс на пасаду старшыні вылучылі яшчэ дзве кандыдатуры: намесніка старшыні СПБ Юзафа Пажэцкага і старшыню гарадскога аддзела СПБ Мечыслава Яскевіча. Юзаф Пажэцкі адмовіўся ад удзелу ў выбарах на карысць Анжалікі Борыс.

Мечыслаў Яскевіч у сваім выступленні пажартаваў, што прэзідэнт Лукашэнка ў 2005 годзе правёў бесплатную люстрацыю ў Саюзе палякаў:

"Пан прэзідэнт Лукашэнка нам зрабіў бясплатную люстрацыю ў 2005 годзе. У 1990-я гады мы казалі, што час пакажа, хто чаго варты. І час паказаў".



У тайным галасаванні ўдзельнічала 165 чалавек. Два бюлетэні былі несапраўдныя. У выніку за Анжаліку Борыс прагаласавалі 148 чалавек, за Яскевіча — 15.

Віцэ-маршалак польскага Сейму Кшыштаф Путра павіншаваў Анжаліку Борыс:

"Выбар пані Анжалікі Борыс паўторна на пасаду старшыні і гэтая большасць галасоў, якую яна набрала, і ўся кіраўнічая рада, гэта азначае, што саюз дзейнічаў вельмі зладжана, актыўна і ён узмацніўся. Гэта важна. А таксама важна тое, каб палякі, якія жывуць у Беларусі, добра супрацоўнічалі з тымі, хто змагаецца за дэмакратыю ў гэтай краіне".

Да прысутных звярнуўся Аляксандр Мілінкевіч:

"Я не чуюся на вашым з’ездзе чужым, хоць і паходжу з такой сям’і беларускай, патрыятычнай. Але ніколі польская культура, польская мова не былі чужымі ў маім доме. Яна была вельмі блізкая, гэта мова. Бацька выкладаў у ліцэі імя Стэфана Баторыя ў Варшаве, мае продкі змагаліся разам з палякамі ў паўстанні 1863 году. І мы перажылі агульную вялікую гісторыю, маем агульных герояў, агульных каралёў.

Я хачу сказаць, што ў Гродне былі файныя прыклады, калі беларускасць адраджалася разам з польскасцю. Памятаю, як у канцы 1980-х – на пачатку 1990-х гадоў нас спрабавалі пасварыць. Добра памятаю, як некаторыя казалі, што спачатку трэба адрадзіць сваё, беларускае, а потым будзем адраджаць польскае. Бо нібыта атрымліваецца канкурэнцыя. Але я казаў і кажу, што няма ніякай канкурэнцыі паміж сапраўднымі культурамі. Культуры ўзаемна ўзбагачаюцца і падтрымліваюць адна адну. Дбайце і змагайцеся за сваю годнасць, але змагайцеся за годнасць усіх грамадзянаў Беларусі. Бо вы змагаецеся за правы чалавека, за стварэнне грамадзянскай супольнасці і я за гэта вам вельмі дзякую.

І апошняе, што скажу. Беларусь знаходзіцца на раздарожжы, яна павінна выбраць сваю дарогу ў старой Еўропе. Я думаю, што ўсе мы хочам, каб гэта была дарога да злучанай Еўропы. Гэты вельмі важны выбар . І тое, што мы робім зараз, будзем рабіць заўтра, павінна гэтаму служыць. За вашу і нашу свабоду!".

Удзельнікі з’езду прынялі зварот да Аляксандра Лукашэнкі. У ім яны выказалі спадзяванне на тое, што паміж беларускімі палякамі і ўладамі адбудзецца дыялог, вынікам якога стане рэгістрацыя ўсё яшчэ непрызнанага Саюза палякаў.



Фота — Еўрарадыё; bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі