Брэсцкага блогера двойчы асудзілі за адну і тую ж акцыю
У суд блогер прыйшоў з пакетам, падрыхтаваным на выпадак адміністрацыйнага арышту. Фота: svaboda.org
Суд Ленінскага раёна Брэста аштрафаваў блогера Сяргея Пятрухіна на 1225 рублёў (50 базавых велічынь) за відэаролік на Youtube, паведамляе "Радыё Свабода". Суддзя прызнаў мужчыну вінаватым у закліку да ўдзелу ў несанкцыянаванай акцыі пратэсту ў Брэсце 14 кастрычніка. Пятрухін віны не прызнаў, бо, паводле яго слоў, відэа ён запісваў, але не выкладваў у інтэрнэт.
"Я прапанаваў суддзі праверыць, гэта можна лёгка зрабіць, што відэа было апублікаванае з-за мяжы, але не мной", — сказаў Сяргей Пятрухін.
Іранічна, што за гэтую акцыю блогер ужо адседзеў 5 сутак адміністрацыйнага арышту. Па падліках мужчыны, за час пратэстаў супраць будаўніцтва акумулятарнага завода яго асудзілі больш чым на 3500 еўра [больш за 8500 рублёў].
Акцыі пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага завода ў Брэсце кожны тыдзень праходзяць на галоўнай плошчы горада ўжо некалькі месяцаў.