Брэсцкія ўлады паабяцалі актывістам адрамантаваць дарогі каля школы

У лютым гэтага года ў Брэсцкі гарвыканкам і ДАІ вобласці актывісты "Гавары праўду" накіраваны зварот. У ім уздымалася праблема нездавальняючага стану дарог каля школы №10 і дзіцячых садкоў №41 і №34.

У сакавіку кіраўніцтва горада адказала, што для капітальнага рамонту гэтай тэрыторыі грошай у бюджэце няма, але з надыходам спрыяльных умоваў надвор'я тут будзе зроблены ямачны рамонт. Аднак да сярэдзіны лета абяцаныя працы так і не былі распачаты. Менавіта таму актывісты напісалі скаргу ў Брэсцкі аблвыканкам з патрабаваннем вызначыць дакладныя тэрміны добраўпарадкавання дарожнага пакрыцця.

Як паведаміў актывіст "Гавары праўду" Ігар Маслоўскі, паўгады перапісвання з чыноўнікамі прынеслі станоўчы вынік: аблвыканкам у сваім адказе абяцае распачаць рамонтныя працы да пачатку восені.

Маслоўскі: "Тэрыторыя будзе добраўпарадкавана да 1 верасня. Гэта тычыцца і праезных частак дарог, і тратуараў, і з асвятленнем. Гэта адвечная праблема каля трох устаноў адукацыі; два дзіцячыя садкі і сярэдняя школа №10. Гэта праблема цягнецца ўжо гадоў дзесяць".

Па словах Маслоўскага, зараз актывісты будуць праводзіць маніторынг выканання ўладамі свайго абяцання.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі