Bulbanews: Людзі любяць глядзець відэа з Лукашэнкам, у якіх ёсць музыка
Еўрарадыё
Знаёмцеся: гэта Віталь. Ён стваральнік блога Bulbanews, які публікуе жартоўныя пасты пра жыццё Беларусі і беларусаў. У яго Instagram-пабліка амаль 90 тысяч фолавераў. Для рэсурсу, якому няма і чатырох гадоў, гэта крута, запэўнівае Віталь.
Хлопец не ходзіць з адкрытым тварам. Кажа, што часам "падкрадае" кантэнт у цікавых людзей і атрымлівае лісты з пытаннямі кшталту: "Хто ты? Пакажы твар!" — таму не хоча свяціцца. Да таго ж лічыць сваю ананімнасць прывабным бонусам да Bulbanews і дадае, што паблік толькі фармуе свой стыль і што яго поспех — наперадзе.
Пра тое, якія посты з Аляксандрам Лукашэнкам маюць больш за ўсё праглядаў, ці ўмеюць беларусы смяяцца і чаму Bulbanews — гэта не крыўдна, Віталь распавядае ў размове з Еўрарадыё.
5 тысяч карыстальнікаў — навошта марнаваць час?
Ва "Укантакце" шмат падобных супольнасцяў, а ў Instagram ў Bulbanews няма канкурэнтаў, таму паблік мае каля 90 тысяч падпісчыкаў. Я спрабаваў зрабіць Bulbanews ва "Укантакце", там у блога пяць тысяч карыстальнікаў, але ўсё ідзе вельмі марудна. Навошта марнаваць час?
Паралельна з Bulbanews я падпрацоўваю ў SMM — вяду 40 акаўнтаў. Таму ў курсе навін. Самае цікавае публікую ў Bulbanews. Спачатку я проста забаўляўся, а потым пайшло-паехала. Працую адзін. Ёсць мастак і дызайнер, якія мне часам дапамагаюць. Але прыдумляю, перарабляю, запазычваю ў іншых я.
Мая мэта — зрабіць паблік папулярным, хачу яго манетызаваць. Ужо нешта атрымліваецца. Паблік гэта як асабісты рахунак, але я нікому не навязваю сваё меркаванне.
Мне падабаецца назва пабліка. Беларусы любяць бульбу, таму, не бачу, чым назва можа кагосьці пакрыўдзіць. Bulbanews — гэта з усмешкай, з іроніяй.
Многія людзі ўсяго баяцца, а чытаючы Bulbanews, хоць неяк адчуваюць сябе свабоднымі
Чалавек, які разбіраецца ў аўтамабілях, можа з боку сказаць, што з машынай нешта не так. Гэтак жа і я загадзя дакладна ведаю, што зойдзе з публікацый, што — не. Добра заходзяць гумарыстычныя тэмы, звязаныя з Беларуссю і беларусамі — тое, што на слыху, банальныя сітуацыі з жыцця. А таксама палітычны сцёб. Многія людзі ўсяго баяцца, а чытаючы Bulbanews, хоць неяк адчуваюць сябе свабоднымі.
Сцёб сцёбам, вядома, але ва "Укантакце" ёсць паблікі, якія канкрэтна выступаюць супраць улады, з іх я імкнуся наогул нічога не браць. Мне гэта не трэба... Людзі гнабяць Лукашэнку, а самі нічога прапанаваць не могуць. Калі б яны маглі нешта прапанаваць узамен, тады б крытыка была абгрунтаванай, а так, проста ўсе скардзяцца... Я збольшага іх разумею, але, з іншага боку, генеруйце ідэі, тады можна пра нешта казаць.
Наогул, людзі любяць глядзець відэа з Лукашэнкам, у якіх гучыць музыка. Добра ідуць жыццёвыя пасты з фота, да прыкладу, балерыны пераходзяць праспект Незалежнасці. Незразумелы парад з ўнітазамі і ваннамі таксама быў папулярны, як і ўсе гісторыі з гарадавым. Пасты збіралі па сто каментарыяў. Беларусы ўмеюць смяяцца, і смяяцца над сабой у тым ліку.
Сур'ёзныя тэмы, тэмы на мяжы, калі можна ўсміхацца і сумаваць, трэба асвятляць, але ў мяне яны не зойдуць. Карыстальнікі усё зразумеюць, але мне трэба, каб яны не толькі зразумелі, а каментавалі і лайкалі.
У нас усё, што падаецца не так, як у БТ, лічыцца апазіцыйным
Дастаткова паведамленняў прыходзіць тыпу "АМАП вас колькі разоў наведваў?", "Да вас ужо прыехалі?", "Калі закрыюць?". Часткова, так, паблік апазіцыйны, таму што гэта сцёб і меркаванне, якое людзі баяцца выказаць услых. Але ў нас усё, што падаецца не так, як у БТ, лічыцца апазіцыйным.
За каментарыямі не сачу — гэта робіць часам Instagram. Пад публікацыямі іх звычайна не менш за 50, шмат паведамленняў прыходзіць у асабістыя. Пішуць у асноўным пазітыўныя водгукі. Толькі 1% карыстальнікаў могуць пакінуць нешта не вельмі прыемнае.
Часта тэмы дасылаюць самі фолаверы. 50% з гэтага пошчу. Калі вельмі шмат людзей і паведамленняў, немагчыма кожнаму адказаць, падзякаваць ці нешта разжаваць. Я стаўлю сэрцайка, і ўсё.
Каб весці блог, па жыцці трэба быць ці артыстам, або гумарыстам
Публікацыю ў блогу трэба рабіць кожныя тры-чатыры гадзіны, а прыдумляць нешта топавае не заўсёды атрымліваецца. Таму кантэнт магу шукаць у пабліках "Укантакце".
За дзень я раблю пяць публікацый, 10-15 гісторый. Відэа Stories цяпер глядзяць лепш, чым публікацыі. Калі гісторыя зачапіла, заходзяць на акаўнт. Але наогул, гісторый павінна быць больш за 20, гэта значна больш эфектыўна.
Фармат, у якім я раблю блог, дазваляе здымаць усё без разбору. Галоўнае, усё падаць прыгожа і цікава. Каб весці блог, па жыцці трэба быць або артыстам, або гумарыстам. Людзі адзначаюць, здавалася б, банальныя рэчы, але гэта так смешна...
Па статыстыцы я хачу быць нароўні з адным хлопцам з Кіева, які вядзе блог разам са сваім смешным сабакам. Ён выдатна кантактуе з карыстальнікамі, упэўнена і класна падае ідэю і рэкламу. У яго шалёная актыўнасць: паказы — 15 мільёнаў, у мяне ж толькі паўтара мільёна. Ёсць над чым працаваць.