Быкоўскі: Затрыманыя казалі, што са мной у іх была прагулка, без мяне — не было
Следчы камітэт вызваліў чарговага затрыманага па "справе БелТА" — журналіста і медыяэксперта Паўлюка Быкоўскага.
Еўрарадыё паразмаўляла з ім пра ўмовы ўтрымання і ў якім ён зараз статусе:
"Не магу паскардзіцца на нейкія асаблівыя ўмовы. Так, гэта не піянерскі лагер. Я так разумею, гэта звычайныя ўмовы для ізалятара. Там не было нейкіх асаблівых падыходаў да мяне. Але разам з тым, іншыя затрыманыя казалі, што са мной у іх была прагулка, а без мяне — не было. Не ведаю, ці супадзенне гэта".
Што тычыцца свайго статусу, то Паўлюк Быкоўскі паведаміў, што зараз ён "падазраваны".
Раніцай 8 жніўня Паўлюк Быкоўскі быў затрыманы на трое сутак у якасці падазраванага, а Следчы камітэт забраў у яго дома усю камп’ютарную тэхніку.