Былому прэм’ер-міністру Літвы не спяшаюцца даваць беларускую візу

Падпісанне заявы пра супрацоўніцтва АГП і літоўскай партыі “Саюз Айчыны” (кансерватары Літвы) запланаванае на 11 лістапада ў мінскім офісе Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Але як стала вядома Еўрарадыё, дагэтуль не вядома, ці пройдзе ўсё так, як запланавана, — літоўскія палітыкі да гэтага часу не атрымалі беларускія візы.

“Для падпісання Заявы ў Мінск павінны прыехаць старшыня партыі “Саюз Айчыны” Андрус Кубіліюс і дэпутаты Сейма Аўдронюс Ажубаліс і Мантас Адаменас. Усе неабходныя для атрымання беларускай візы дакументы яны накіравалі ў беларускае дыппрадстаўніцтва ў Вільні своечасова і ў поўным аб’ёме. Але наведванне амбасады літоўскім палітыкам прызначылі на панядзелак, 11 лістапада, у 8.30 раніцы. Гэта — 9.30 па мінскім часе. Падпісанне Заявы і сумесную прэс-канферэнцыю мы папярэдне прызначалі на 15.30. Ці паспеюць яны прыехаць да гэтага часу ў Мінск — невядома. І гэта пры ўмове, што ім ўвогуле дадуць беларускія візы”, — паведамілі Еўрарадыё ў АГП.

Калі ж літоўскія палітыкі не атрымаюць візы, альбо калі будзе відавочна, што да прызначанага часу яны не здолеюць прыехаць у Мінск, то падпісанне Заявы пра супрацоўніцтва паміж “Саюзам Айчыны” і АГП, а таксама прэс-канферэнцыя пройдуць па скайпе.

Нагадаем, старшыня партыі “Саюз Айчыны”, былы прэм’ер-міністр Андрус Кубіліюс сёння з’яўляецца лідарам апазіцыі ў Сейме Літвы. Сённяшні дэпутат Сейма Аўдронюс Ажубаліс – экс-міністр замежных спраў, а Мантас Адаменас займаў пасаду дарадцы прэм’ер-міністра Андруса Кубіліюса.

На здымку старшыня партыі “Саюз Айчыны” Андрус Кубіліюс. Фота Змітра Лукашука, Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі