Былы міліцыянт Кацуба не мае прэтэнзій да Аўтуховіча

Як даведалася Еўрарадыё, па справе падпалу яго дома асуджаны іншы чалавек. Паводле інфармацыі юрыста Алега Воўчака, арыштаваных 8 лютага Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенку абвінавачваюць у падпале дома былога начальніка Ваўкавыскага РАУС Віталя Кацубы ў 2004 годзе. Але як стала вядома Еўрарадыё, сам Кацуба ніякіх прэтэнзій да арыштаваных не мае, а за гэта злачынства асуджаны і адбывае пакаранне іншы чалавек.

Па словах дачкі Юрыя Лявонава, яны сустракаліся з былым начальнікам Ваўкавыскага РАУС, а зараз дырэктарам Ваўкавыскай друкарні Віталём Кацубам і ён пацвердзіў, што не толькі не пісаў ніякай заявы з патрабаваннем пакараць трох прадпрымальнікаў за падпал свайго дома, але і ўвогуле не мае да іх ніякіх прэтэнзій.

Дачка Лявонава:
“Кацуба заявіў, што ніякіх зыскаў ён не падаваў і падаваць не будзе – ён да гэтага не мае ніякіх адносінаў. Ён сказаў, што Лявонава ён ўвогуле ў вочы не бачыў і яго не ведае. І ніякіх прэтэнзіяў да яго не мае”.

Прысутнічала на сустрэчы і дачка Ўладзіміра Асіпенкі Людміла. Па яе словах, былі міліцыянт-пагарэлец адмовіўся абмяркоўваць свой удзел у справе іх бацькоў па тэлефоне, а падчас сустрэчы запатрабаваў паказаць пашпарт.

Людміла Асіпенка:
“Я ў яго хацела інфармацыю нейкую па тэлефоне даведацца, але ён сказаў, што не можа ведаць таго, што я сапраўды Асіпенка, дачка арыштаванага. Маўляў, яму трэба, каб пад’ехала да яго з пашпартам, і тады ён усё раскажа. А падчас сустрэчы сказаў, што ніякай заявы не падаваў, яго справа закрыта і па гэтай справе адбывае пакаранне іншы чалавек. І сказаў, што не разумее прычыну затрымання”.

У юрыста Алега Воўчака дзве версіі таго, што стала прычынай арышту ваўкавыскіх прадпрымальнікаў. Першая - гэта тое, што Мікалай Аўтоховіч, разам з Алегам Воўчакам і Аляксандрам Камароўскім, з’яўляецца сустаршынём аргкамітэта па стварэнні рэспубліканскай арганізацыі ветэранаў баявых дзеянняў “Абаронца Айчыны”. Больш за тое, ён падпісаўся пад лістом на імя Аляксандра Лукашэнкі і прэм’ера Сяргея Сідорскага з патрабаваннем зацвердзіць за “афганцамі” статус удзельнікаў вайны, ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў, і вярнуць льготы.

Алег Воўчак: “Шмат хто незадаволены, што льготы год таму адмянілі і падтрымалі ідэю адмовіцца ад медалёў, якія Лукашэнка хоча даць на 20-годдзе вайны ў Афганістане. Такім чынам выказаць пратэст. Кіраўніку дзяржавы гэта не спадабалася: як гэта адмаўляцца ад узнагарод?! Тым больш, такія заслужаныя афіцэры і радавыя. Апроч таго, узгадайце 1999 год, калі Юрый Захаранка пачаў арганізоўваць Саюз афіцэраў. І мы аб’явілі, што ў нашу арганізацыю не толькі “афганцы” будуць уваходзіць, але і былыя супрацоўнікі спецслужбаў, органаў пракуратуры, суддзі. Хто хоча абараняць айчыну ў гэты складаны перыяд”.

Па другой версіі былога афганца, а зараз юрыста, на Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Ўладзіміра Асіпенку хочуць “зваліць” віну за выбух у Мінску 4 ліпеня 2008 года.

Як стала вядома Еўрарадыё, родныя арыштаваных прадпрымальнікаў з Ваўкавыска сёння падпісалі дамовы з адвакатамі, якія будуць бараніць іх інтарэсы падчас следства і ў судзе, калі да справа яго дойдзе.

Як паведаміла адвакат Уладзіміра Асіпенкі Тамара Сідарэнка, яна пакуль не толькі не бачыла ніякіх дакументаў па справе свайго кліента, але нават і не сустракалася з ім. Першая сустрэча адбудзецца, хутчэй за ўсё, заўтра, калі з Гродна ў мінскае СІЗА прыедзе следчы гродзенскай пракуратуры.

Тамара Сідарэнка: “З дакументамі я, вядома, яшчэ не знаёмілася. І трэба разумець, што ўсе дакументы я бачыць не буду. Паводле закона, мне пакажуць пастановы аб распачатку справы, пастанову аб прызнанні падазроным, папярэдні допыт, але яны, здаецца, нічога не казалі на ім. Са слоў толькі я ведаю, што іх абвінавачваюць па нейкіх старых справах. Але, магчыма, што гэта толькі спроба зачапіцца, а далей пра нешта іншае пойдзе размова”.

Фота - photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі