"Быў Еўрамайдан, і хто меў рацыю?": навошта дэмсілы Беларусі выбралі Еўропу
Мітынг беларусаў у Варшаве / Еўрарадыё
Беларускія дэмакратычныя сілы зрабілі свой геапалітычны выбар. Гэта рух у бок Еўропы з перспектывай увайсці ў ЕС. І, вядома, ніякіх саюзных дзяржаў з Расіяй — толькі добрасуседскія адносіны. Пра гэта Святлана Ціханоўская заявіла на канферэнцыі "Новая Беларусь".
Аднак адразу знайшліся тыя, хто сказаў, што занадта рана так казаць, і наогул, большасць беларусаў не падтрымлівае гэтую пазіцыю. Іншыя лічаць, што, наадварот, ужо позна.
Заява цалкам лагічная, лічыць дацэнтка, кандыдатка гістарычных навук, незалежная экспертка Роза Турарбекава. Акрамя таго, гэта дае Беларусі стратэгічныя перавагі. У чым яны заключаюцца і чаму важна абазначыць еўрапейскі выбар Беларусі, экспертка расказала ў эфіры Еўрарадыё.
Крытыкі пазіцыі дэмакратычных сіл спасылаюцца на звесткі сацыялагічных апытанняў, згодна з якімі за саюз з Еўропай далёка не большасць.
— Гэта істотныя аргументы. Да нядаўняга часу я лічыла, што яны — аснова для стрыманай пазіцыі па гэтым пытанні. Да ўварвання Расіі ва Украіну, — кажа Роза Турарбекава. — Але я ніколі не хавала дастаткова скептычнага стаўлення да апытанняў. Бо калі казаць пра выбар, то беларускае грамадства яго проста пазбаўленае.
Выбар можа ажыццяўляцца ва ўмовах досыць свабодных, калі ёсць грамадская дыскусія, розныя палітычныя партыі, што прапануюць сваё бачанне і стратэгію. Але мы зусім у іншых умовах знаходзімся. У грамадства няма выбару, няма магчымасці гэта абмяркоўваць. Я маю на ўвазе — арганізоўваючы дыскусіі і грамадскія пляцоўкі на тэрыторыі Беларусі.
"Сацыялогія гуляе злосны жарт"
Важна падтрымліваць выбар на карысць дэмакратыі супраць таталітарызму. І заява пра арыентацыю на Еўропу — спосаб гэта зрабіць, лічыць Роза Турарбекава.
— Гэта не толькі і не столькі геапалітычны выбар, колькі палітычны. То-бок на карысць дэмакратыі. А якім чынам гэта абазначыць акрамя таго, што ўжо было сказана? Самае галоўнае: тая частка грамадства, якая выступала за перамены, за тое, каб была ўсё ж дэмакратыя, рэформы, думаю, схільная разумець еўрапейскі выбар як прывабны. З імі трэба працаваць і такім чынам умацоўваць свае пазіцыі.
Таму тут сацыялагічныя аргументы гуляюць з намі досыць злосны жарт. І пазбаўляюць нас поля палітычнага дзеяння. У цяперашніх умовах само па сабе гэтае апытанне фіксуе нейкі стан грамадства ў вельмі няпростых умовах. Калі выказванне альтэрнатыўнага пункту гледжання проста прыводзіць у турму. Таму тое, што зрабілі дэмакратычныя сілы, абвясціўшы еўрапейскую перспектыву для Беларусі, мне здаецца нармальным і лагічным.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.