“Бывае, што перашкаджаюць бамжы пад вокнамі, а тут — багема”
Ужо цягам пяці гадоў доўжыцца канфлікт жыхароў дома №8 по вуліцы Карла Маркса ў Мінску з рэстаранам "Cafe de Paris" з-за гучнай музыкі па начах. Па словах мясцовых жыхароў, ні звароты ў адміністрацыю раёна, ні выклікі міліцыі сітуацыю змяніць не могуць. Чарговае супрацьстаянне адбылося 17 кастрычніка, калі ў кафэ святкавалі пяць гадоў працы. Еўрарадыё разбіраецца, ці можна неяк вырашыць гэты канфлікт.
“Міліцыя прыехала і з’ехала — нічога не адбылося”
Мясцовыя жыхары распавялі Еўрарадыё, што гучная музыка грае ў кафэ пасля 23 гадзін ужо не першы раз, а ўсе скаргі не маюць сэнсу.
“Няма розніцы, пяць гадоў ці колькі, — кажа адна з жыхарак дома на Маркса. — У рэстаране гучыць жывая музыка, якую чуваць на ўсёй вуліцы. Звычайна, яна сціхае ў 23–23.30, хаця гэта таксама парушэнне. Учора жывая музыка была да 1.30 ночы, яна потым змянілася на звычайную, і таксама гучную.
Бывае, што перашкаджаюць бамжы пад вокнамі, а тут — багема. Я ўсё разумею, людзі гулялі, але закон павінен быць для ўсіх аднолькавы. Іншыя кабакі на гэтай вуліцы не парушаюць закон, а гэтым хлопцам ўсё сыходзіць з рук. Учора выклікалі міліцыю, яны прыехалі і з’ехалі — нічога не адбылося”.
Па словах суразмоўцы, цягам пяці гадоў жыхары дома неаднаразова выклікалі міліцыю і пісалі скаргі. Усё безвынікова. Больш за ўсё людзей абурае тое, што рэстаран ужо шмат гадоў парушае рэжым працы з гучнай музыкай.
“Чакаем халадоў, каб стала цішэй”
Жыхары, з якімі паразмаўляла Еўрарадыё, кажуць, што гучная музыка асабліва непакоіць іх у цёплы перыяд. Людзі разумеюць, што жывуць не ў спальным раёне, таму чакаюць халадоў, каб у кватэрах стала цішэй.
“Усё пачынаецца з ўстаноўкай летняй тэрасы, — кажа яшчэ адна жанчына, якая жыве на трэцім паверсе. — Чакаем халадоў, каб стала цішэй, бо тэраса працаваць не будзе. У міліцыю тэлефанавалі, яны прыходзілі, але нічога не змянілася.
Раней вуліца Маркса была пешаходнай, мы дыхалі выпарэннямі, цыгарэтным дымам, цяпер добры парфюм чуем. І добрую музыку”.
“Кагосьці кавай пачастуем, кагосьці вячэрай — а людзі ўсё роўна раздражнёныя”
У рэстаране пацвярджаюць, што ўчора святкавалі дзень нараджэння. Раніцай ўжо прыходзілі незадаволеныя жыхары дома. Супрацоўнікі рэстарана кажуць, што падобныя сітуацыі часам адбываюцца, але канфлікту з жыхарамі няма.
“Збегам абставін "Cafe de Paris" знаходзіцца ў гэтым доме, — каментуюць Еўрарадыё ў рэстаране. — Музыка гучыць толькі ўнутры ўжо даўно. Учора мы адзначалі дзень нараджэння, таму і прынеслі клопаты. Мы максімальна стараемся, каб музыка не перашкаджала жыхарам дома: на вуліцы выключаем у 23 гадзіны, як патрабуе закон”.
Суразмоўца кажа, што рэстаран стараецца ўзаемадзейнічаць з жыхарамі дома: “Кагосьці кавай пачастуем, кагосьці вячэрай — такі камплімент ад рэстарана”.
“Не заўсёды атрымліваецца, бо людзі сапраўды раздражнёныя. Калі прыязджае міліцыя, мы кажам, што ўсё разумеем, па магчымасці зробім музыку цішэй”, — запэўніваюць у рэстаране.
Там кажуць, што канфлікту з жыхарамі дома няма, а тое, што адбываецца, — працоўная сітуацыя, якая, тым не менш, працягваецца даўно. Адміністрацыя рэстарана тлумачыць, што спецыяльна клопату жыхарам не стварае, а праблемы пачынаюцца толькі ў летні перыяд.
“Жыхары могуць правесці замеры шуму, але не робяць гэтага”
У аддзеле гандлю і паслуг адміністрацыі Ленінскага раёна жыхарам дома № 8 на вуліцы Карла Маркса параілі зрабіць шумавыя замеры.
“З дома па Карла Маркса нам ніхто не скардзіўся, — кажа Еўрарадыё начальнік аддзела гандлю і паслуг Эла Жаўтко. — Зварот паступаў з вуліцы Валадарскага — адзіны чалавек, хто скардзіўся на "Cafe de Paris". Вуліца Карла Маркса ўвогуле праблемная, бо там шмат месцаў грамадскага харчавання”.
“Калі шум пастаянна перашкаджае адпачываць, то чалавек можа патрабаваць правядзення шумавых замераў. З дырэктарам кафэ мы звяжамся, каб патлумачыў, чаму яны не спрацавалі на апярэджанне, ведаючы, што гэта пацягне незадавальненне жыхароў”, — дадае прадстаўніца ўлады.