Цела аргенцінскага аўтагоншчыка эксгумавалі для высвятлення бацькоўства

Цела легендарнага аргенцінскага аўтагоншчыка Хуана Мануэля Фанхіа было эксгумаванае, каб вырашыць спрэчку аб бацькоўстве. Адразу двое мужчын сцвярджаюць, што з’яўляюцца сынамі спартсмена. Суд пастанавіў эксгумаваць цела Фанхіа з сямейнага склепу на могілках у аргенцінскім горадзе Балкарку, каб узяць узоры ДНК з парэшткаў гоншчыка.

Спартсмен ніколі не быў жанаты і не прызнаваўся, што ў яго могуць быць нашчадкі, але яго біёграфы сцвярджаюць, што ён быў у адносінах з жанчынай цягам 20 год. Сын гэтай жанчыны — Оскар Эспіноза — некаторы час выступаў у “Формуле-3” і калегі называлі яго “Канча” Фанхіа.

У момант завяршэння кар’еры ў 1958 годзе Фанхіа быў легендай спорту ў Аргенціне.

Яшчэ адзін магчымы сын гоншчыка, 72-гадовы Рубенс Васкес заяўляе, што яго маці падпісала ў прысутнасці натарыуса дакумент, які сведчыць, што Фанхіа — яго бацька. Мужчына не выстаўляе фінансавых патрабаванняў разам з прызнаннем бацькоўства, а проста хоча насіць прозвішча Фанхіа.

Хуан Мануэль Фанхіа пакінуў усю сваю маёмасць фонду і музею, якія носяць яго імя. Яго рэкорд у “Формуле-1” пратрымаўся амаль паўстагоддзя і быў пабіты толькі немцам Міхаэлем Шумахерам у 2003 годзе, перадае ВВС.

Фота: REUTERS

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі