Чалы: Мясніковіч і Руды спрачаюцца наконт дэвальвацыі

Памочнік прэзідэнта па эканамічных пытаннях Кірыл Руды не сыходзіцца ў поглядах з прэм'ерам Мясніковічам. Адзін прапаноўвае танныя крэдыты для прадпрыемстваў, другі перажывае за заробкі і ВУП.

“Каб крэдыты былі даступнымі, стаўка павінная быць не вышэйшай за рэнтабельнасць. Напрыклад, для прамысловасці гэта максімум 10%. Значыць, і інфляцыя павінная быць не большая за 9 працэнтаў. І гэта не ліберальная прапанова. Ліберальнай з'яўляецца свабодная эмісія. Тут хутчэй прапануецца ўвядзенне грашовай дыктатуры”, — кажа Кірыл Руды.

“Трэба разумець, што інвестыцыйная актыўнасць будзе зніжаная. ВУП будзе меншы за 100%, і заработная плата будзе зніжаная”, — парыруе Міхаіл Мясніковіч.

Хто тут мае рацыю, а хто не, высвятляем у эканамістаў. Сяргей Чалы адназначна выказваецца — чыноўнікі спрачаліся пра дэвальвацыю.

“Гэта старая спрэчка аб дэвальвацыі з 2011 года: патрэбная ці не. Жыццё ўжо рассудзіла: як толькі прыйшлі да курса, якога не чапалі рукамі, крызіс скончыўся. І прадпрыемствы да 2012 года палепшылі свае справы, экспарт вырас, эканоміка аздаравілася. Дзіўна, што такія спрэчкі яшчэ ўзнікаюць. Але кіраўніком краіны дэвальвацыя ўспрымаецца як катастрофа. Таму такія выказванні і ўзнікаюць”, — тлумачыць Еўрарадыё эканаміст Сяргей Чалы. У гэтай спрэчцы ён на баку Мясніковіча.

Трэба прывязваць стаўку па крэдытах да інфляцыі, выказваецца дырэктар Даследчага цэнтра Інстытута прыватызацыі і менеджменту Аляксандр Чубрык. Ён, наадварот, на баку памочніка прэзідэнта Кірыла Рудага.

“Мінуў час, калі краіна магла дазволіць сабе ставіць мэтавыя паказчыкі па эканамічным росце. Трэба зрабіць паказчыкам не валютны курс, а інфляцыю. І абмяжоўваць грашовую прапанову, і абмяжоўваць працэнтныя стаўкі. Галоўная задача — узяць інфляцыю пад кантроль”, — тлумачыць Аляксандр Чубрык.

Міхаіл Мясніковіч выказваўся за “мяккую грашовую палітыку”, што будзе спрыяць інвестыцыям. А Руды — наадварот, за скарачэнне дзяржпраграм і больш жорсткую грашовую палітыку, рэзюмуе прадмет спрэчкі эканаміст Дзмітры Крук. І прапануе свой варыянт:

“Акцэнт варта зрабіць на манетарнай палітыцы, на кіраванні ўнутраным попытам і прапановай грошай і спрабаваць не дапусціць даларызацыі ўкладаў. Я згодны, што з інфляцыяй трэба змагацца, але метады — гэта пытанне для шырокай дыскусіі”.

Чыноўнікаў спрабуе мірыць кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Кабякоў: абодва маюць рацыю.

“Так, трэба выходзіць на адназначныя лічбы па інфляцыі, але не двухзначныя. Але за адзін год гэтага не зрабіць. Міхаіл Уладзіміравіч тут мае рацыю”.

Адзначым, што на сёння крэдытная стаўка ў беларускіх банках — 32,3%. Інфляцыя з пачатку года ў Беларусі склала амаль 15%.

Фота: belapan.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі