Чаму беларускія сілавікі палююць на ўкраінскую сімволіку (відэа)

Калі 26 красавіка ў Мінску калона дэманстрантаў набліжалася да Чарнобыльскай капліцы, сілавікі рыхтаваліся да палявання на праўкраінскіх актывістаў.

“Схавалі, не можаце знайсці, так? — размаўляе па мабільніку падцягнуты начальнік, відаць, што адзін з асноўных. — Значыцца, “Трызубец” гэты жоўты бярыце пад кантроль і сачыце”.

Разумеем  гэтыя словы так, што людзей, якія ідуць з украінскім гербам, пасля акцыі могуць затрымаць. Кіруемся да ўдзельнікаў шэсця, якія нясуць “Трызуб”. Паведамляем пачутую інфармацыю і просім з гэтай нагоды даць эксклюзіўнае інтэрв’ю. За хвіліны да таго, як яны трапяць у міліцэйскі бусік.

“Чарнобыль жа на ўкраінскай тэрыторыі знаходзіцца. У нас агульны з украінцамі боль”, — тлумачыць наяўнасць “Трызуба” кінарэжысёр і актывістка Вольга Нікалайчык. Таксама жанчына кажа, што такім чынам падкрэслівае сваю любоў і салідарнасць з жоўта-блакітнымі. 

Як і прадказвалі сілавікі, праўкраінскія актывісты трапілі пад прыцэл. Вольга Нікалайчык і яе паплечнік не сталі чакаць, пакуль майданчык за Чарнобыльскай капліцай апусцее. Яны згарнулі бел-чырвона-белы сцяг і палотнішча з “Трызубам” ды хутка пашыбавалі на прыпынак транспарту. За імі тут жа ўвязаліся два хлопцы ў звычайнай вопратцы.

 

“Да “Макдональдса” нас давялі нейкія людзі дзіўныя. Але на Сурганава яны адчапіліся. Мы селі кожны ў свой транспарт і раз’ехаліся”, — згадвае для Еўрарадыё Вольга Нікалайчык.

А вось Віктара Шапуцьку, яшчэ аднаго ўдзельніка Шляху з украінскім сцягам, затрымалі.

Дайшлі на Бангалор. На пераходзе стаяў мікрааўтобус, калі пайшоў на зялёны, схапілі пад рукі — і ў бус”, — коратка апавядае Віктар Шапуцька. Мужчына кажа, што ставіліся да яго нармальна — і ў бусе, і ў Савецкім РУУС Мінска.

“Калі завялі ў мікрааўтобус, спыталіся прозвішча, дзе жыву і чаму на плячах быў украінскі сцяг. Іх начальнік жартам, не жартам сказаў, што высвятляюць, украінец я ці не. На гэта я патлумачыў, што Чарнобыль ва Украіне, таму сцяг быў вельмі дарэчы. У бусе апроч іх начальніка былі зусім маладыя хлопцы. Па-мойму, для іх гэта было адкрыццё. Пытанні да мяне скончыліся”.

У РУУС Віктара Шапуцьку сфатаграфавалі, узялі адбіткі пальцаў і выпусцілі, не складаючы ніякіх дакументаў. Ніхто, па словах мужчыны, не прадстаўляўся. Бэйджаў таксама ні ў кога не было.

“На развітанне сказалі: “Больш так не трэба”. Спытаўся, чаго не трэба. Ніхто не адказаў. І вывелі з РУУС”, — заканчвае сваю дзіўную гісторыю Шапуцька.

Выходзіць, падчас сустрэч паміж палітыкамі нашы ўлады і ўкраінскія клянуцца ў братэрскай любові. На справе беларуская міліцыя неадназначна рэагуе на спалучэнне жоўтага і блакітнага колераў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі