Чаму кіеўляне пачалі падпальваць “Беркут”. Рэпартаж з Грушэўскага
Дзядуля Канстанцін ідзе ў бок шэрагаў “Беркута”, дзе яго ўнукі разліваюць бензін у толькі што прывезеную партыю пустых шкляных бутэлек.
На вуліцы Грушэўскага ў Кіеве пакуль спакойна. Наколькі спакойна можа быць у месцы, дзе праз кожныя 40-50 метраў барыкада, стаяць спаленыя машыны і аўтобусы, а рэвалюцыянеры фатаграфуюцца побач са слядамі ад куль на будынках.
“Заціснуты народ баіцца слова сказаць. І вось тут вам прыклад, каб вы бачылі, як народ можа падняцца і зрабіць сваю справу. Бо нельга ж маўчаць увесь час. Бо ёсць мяжа ўстойлівасці, трываласці…”, — расказвае мой першы знаёмы-радыкал з Грушэўскага.
Яго завуць Канстанцін, радыкалу амаль 70 гадоў. Канстанціна сустракаю дзесьці ў ста метрах ад перадавой, ён грэецца ля імправізаванай буржуйкі — зваранай з некалькіх металічных бочак. На Грушэўскага зараз -20. “Я сюды прыйшоў падтрымаць баявы дух у хлопцаў, тут і ўнукі мае, і дзеці”, — гаворыць ён. І просіць перадаць усім беларусам спачуванні з прычыны смерці Міхаіла Жызнеўскага.
“Ён таксама паклаў галаву за нашу свабоду… Але ведаеце, каб гэтая кроў не пралілася, можа і не атрымалася б у нас нічога. Ачышчэнне нацыі заўсёды адбываецца праз праліццё крыві. Гэта класіка”.
Канстанцін гаворыць, што пралітая на Грушэўскага кроў і смерці актывістаў — усё гэта было неабходна для перамогі.
Ля барыкадаў побач з Кабмінам і стадыёнам “Дынама” імя Лабаноўскага цяпер людзей не менш, чым на Майдане. Кожны другі ўзброены кавалкам арматуры, металічнай трубы, бейсбольнай бітай (гавораць, вялікі дэфіцыт цяпер у кіеўскіх спартовых крамах) альбо простай драўлянай дубінай. Сюды прыходзяць нават цэлымі сем’ямі разам з дзецьмі — калі яшчэ пабачыш такое ў самым цэнтры еўрапейскай сталіцы.
Але на перадавую, да шэрагаў тлеючых пакрышак, пускаюць толькі сваіх правераных байцоў і журналістаў. Там стаяць скрыні з “кактэйлямі Молатава”, рагаткі і катапульты і насамрэч небяспечна — пластыкавыя кулі не забіваюць, але пакалечыць могуць моцна. Медыкам прыходзіцца працаваць увесь час, нягледзячы на нібыта перамір’е.
“Яны хочуць, каб мы сышлі ў партызаны. Не дачакаюцца, мы будзем ваяваць адкрыта”, — чую ад хлопца ў счарнелым ад гумовай сажы некалі белым шлеме. Рукі перамотаныя ці то бінтамі, ці то анучамі. Гаворыць, што кісці папаліў “кактэйлямі” — разліваюцца. Расказваць пра сябе і тым больш прадстаўляцца ён адмаўляецца. Рэвалюцыя хоць і прасунулася наперад, але пакуль не перамагла канчаткова — усё можа здарыцца.
Як і калі яна пераможа канчаткова? Адказу на гэтае пытанне на Грушэўскага не чую. Прапанову Януковіча ператасаваць урад і зрабіць прэм’ерам апазіцыянера Яцанюка канцом рэвалюцыі тут дакладна не лічаць. Мой ужо добры знаёмы радыкал Канстанцін гаворыць, што трэба чакаць пазачарговага пасяджэння Рады і “зрабіць усё законным шляхам”.
“Наш прэзідэнт — ён напарстачнік. Верыць яму нельга, адназначна. Але вось у аўторак адбудзецца пасяджэнне Рады. І трэба перацягнуць на свой бок рэгіяналаў. Яны ўжо вагаюцца. Трэба ўсё зрабіць законным шляхам”, — гаворыць мне ўсмешлівы дзядуля Канстанцін і ідзе ў бок шэрагаў “Беркута”, дзе яго ўнукі разліваюць бензін у толькі што прывезеную партыю пустых шкляных бутэлек.
“Унукам трэба дапамагчы, без бойкі законнага шляху не атрымаецца”, — дадае ён.
Вяртаюся на Майдан, насустрач мне актывісты валакуць кардонныя скрыні з бутэрбродамі, ідуць медыкі з насілкамі, моцныя хлопцы ў рэспіратарах цягнуць мяшкі, поўныя дубінаў і арматуры. Відавочна, што на Грушэўскага гэтым людзям нашмат цікавей, чым на апусцелым Майдане з яго прамовамі апазіцыі, малітвамі і спевамі гімну. За два месяцы бяздзеяння ўсё гэта абрыдла рэвалюцыянерам ці не таксама, як прэзідэнцтва Януковіча.