Чаму ў Беларусі ад пнеўманіі загінулі лекары?

Усім медыкам у краіне павінны былі зрабіць прышчэпкі ад грыпу. Між тым спецыялісты сцвярджаюць, што калі зрабіць прышчэпку чалавеку, хвораму на грып, гэта можа выклікаць сур’ёзныя ўскладненні. 30-гадовая супрацоўніца гомельскага Рэспубліканскага цэнтра радыяцыйнай медыцыны і экалогіі, якая памерла ад пнеўманіі, хварэла на “свіны грып”. Гэта афіцыйна пацвердзілі мясцовыя ўлады.

Між тым, як распавёў Еўрарадыё Міхал Праступін, намеснік начальніка ўпраўлення аховы здароўя Гомельскага аблвыканкама, прышчэпкі ад грыпу былі ў абавязковым парадку зробленыя ўсім медыцынскім работнікам як прадстаўнікам “групы рызыкі” яшчэ да 6 лістапада:

Праступін: “Паводле дадзеных, якія ў мяне на стале, кампанія скончылася 6 лістапада”.

10 лістапада стала вядома пра яшчэ адзін смяротны выпадак ад пнеўманіі ў асяродку медыцынскіх работнікаў. У горадзе Горкі Магілёўскай вобласці сканала лекар. Чаму, калі ўсім медыкам зрабілі прышчэпкі, двое лекараў сталі ахвярамі смяротнай хваробы?

Як стала вядома Еўрарадыё, медыкаў у Магілёўскай ды Гомельскай абласцях прышчэплівалі французскай вакцынай, якую спецыялісты называюць “жывой”. Яна ўтрымлівае аслаблены вірус.

Як распавяла загадчыца супрацьэпідэмічнага аддзялення Магілёўскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ларыса Ліпніцкая, тэарэтычна прышчэпка, калі яе ўвесці ў інкубацыйны перыяд, можа стаць прычынай пэўных ускладненняў. Не выключаны і лятальнага вынік:

Ларыса Ліпніцкая: “Хворым людзям нельга рабіць прышчэпкі, бо гэта можа справакаваць захворванне ці ўскладніць яго. Вакцыну нельга ўводзіць нават пры дробных прыкметах захворвання. Прычым усіх відаў. Калі вірус трапляе ў кроў, ён трапляе ў эпітэліяльныя клеткі і распаўсюджваецца вельмі хутка. Амаль адразу ж узнікае інтаксікацыя арганізму!”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі