Чаму ў Малінаўцы і Сухараве выпадае больш за ўсё ападкаў?

Еўрарадыё: Як змяніўся клімат за апошнія гады? Нас чакае глабальнае пахаладанне, мяркуючы па гэтай зіме, або ўсё ж такі глабальнае пацяпленне?


Дзмітрый Рабаў: "Пачынаючы з 1989 года, ідзе чарговае змяненне клімату — пацяпленне. За гэты час сярэдняя тэмпература вырасла на 1,1 градуса. Некаторыя думаюць, што глабальнае пацяпленне — гэта графік, які ідзе па прамой. Насамрэч існуюць анамаліі. Лінія ідзе то ўгару, то ўніз, але з тэндэнцыяй да павелічэння".


Еўрарадыё: Якія анамаліі былі сёлета?


Дзмітрый Рабаў: "Снежань у нас быў анамальны, вельмі цёплы, такое бывае раз на 30 гадоў. Пачатак студзеня таксама цёплы, такое здараецца раз на 7-10 гадоў. А самы пік маразоў пачаўся з 23 студзеня і дасягнуў піку 3 і 4 лютага — тады была самая халодная ноч. На шмат якіх станцыях былі пабітыя рэкорды гэтай ночы. У Мінску было -27 °C, апошні раз так халодна ў той дзень, нават трошкі цяплей, было ў 1917 годзе. Самы халодны быў усход Віцебшчыны, Магілёўшчыны і Гомельшчыны — там тэмпература апускалася да -35 °C.


Кліматычныя назіранні вядуцца больш за 100 гадоў. Для кожнага дня існуюць свае мінімумы і максімумы. Самая халодная тэмпература была ўзімку -42 °C, а самая высокая тэмпература ўлетку была больш за 40 °C".


Еўрарадыё: З-за чаго такія анамальныя маразы, калі справа ідзе да пацяплення?

Дзмітрый Рабаў: "Такія халады бываюць практычна штогадова да -30 °C. Але сёлета можна вылучыць менавіта такі халодны перыяд. За ўсю гісторыю назіранняў такі халодны перыяд назіраецца трэці раз: у 1926, 1956 і 2012 годзе. Стаіць вельмі магутны антыцыклон, які сфармаваўся ў сібірскім халодным паветры і блакуе. Ён не пускае цёплае атлантычнае паветра. Таму ў нас зараз ідзе ўсходні перанос. А цёплыя атлантычныя масы сышлі на поўнач і там было цёпла. Сёлета сібірскі антыцыклон закрануў не толькі Беларусь, але Еўропу — змерзла Чорнае мора, каналы ў Галандыі.


2011 год па агульнай суме ўвайшоў у дзясятку самых цёплых гадоў, і такая тэндэнцыя працягваецца. Мінулае лета было нармальнае, а пазамінулае было спякотнае. Такога не было ні разу! Былі пабітыя ўсе рэкорды. Самае спякотнае надвор'е, да +40 °C, было ў Гомелі. Гэта сітуацыя, падобная да марознага перыяду сёлетняй зімы. Тады таксама стаяў магутны антыцыклон і не пускаў атлантычныя цыклоны да нас. Яны ідуць, б'юцца аб яго, як аб сцяну. У нас спёка, а Еўропу залівала".


Еўрарадыё: Як выяўляецца глабальнае пацяпленне?


Дзмітрый Рабаў: "З прычыны змены клімату расце колькасць небяспечных з'яваў надвор'я. Паводле дадзеных Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі, колькасць небяспечных з'яваў павялічваецца з кожным годам, і людзі не гатовыя да гэтага. Штодня ўключаеш навіны і чуеш, што дзесьці паводка, ураган, маразы, засуха".


На Гомельшчыне зараз такі самы клімат, як на Кіеўшчыне некалькі гадоў таму!


Еўрарадыё: Як змяніўся клімат у Беларусі?


Дзмітрый Рабаў: "Можна сказаць, што ў нас са змяненнем клімату павялічылася колькасць засух, асабліва ўвесну. Улетку праяўляюцца прыкметы трапічнага клімату, стаіць цёплае, але вільготнае надвор'е. Павялічылася колькасць туманаў. З 1989 года зімы сталі карацейшыя, пачалі прыходзіць пазней на 1,5-2 тыдні, а вясна наступае раней. Прыкладна ў трэцяй дэкадзе лютага, пачынаючы з паўднёвых раёнаў, прыходзяць вясновыя працэсы. Павялічылася колькасць моцных залеваў і навальніц улетку".


Еўрарадыё: Калі ўжо ў Беларусі будуць расці кавуны?


Дзмітрый Рабаў: "За апошнія гады клімат з поўдня змясціўся на поўнач дзесьці на 100 кіламетраў. Раней у нас былі тры агракліматычныя зоны — паўночная, цэнтральная і паўднёвая. Паўночная практычна разбурылася, яе не існуе ўжо. А ў раёне Палесся ўтварылася новая, дзе карацейшыя і мякчэйшыя зімы і больш працяглы вегетацыйны перыяд. Там цяпер гадуюць тыя культуры, якія гадавалі ва Украіне ў паўночнай яе частцы.

Час сельскай гаспадарцы прызадумацца і вырошчваць тыя культуры, якія меней схільныя да засушлівых перыядаў. Вегетацыйны перыяд павялічыўся, але ўвесну застаецца пагроза замаразкаў. Зараз ужо растуць кавуны і персікі, я ведаю людзей, якія вырошчваюць кавуны і дыні на адкрытым грунце. Ужо шмат цеплалюбівых культур вырошчваюць не ў цяпліцах, а ў адкрытым грунце".


Еўрарадыё: А Міністэрства сельскай гаспадаркі з вамі неяк кансультуецца?


Дзмітрый Рабаў: "У нас вельмі залежныя ад надвор'я галіны, у тым ліку сельская, лясная гаспадарка і ЖКГ. Яны атрымліваюць нашыя прагнозы, штармавую інфармацыю. Папярэдні прагноз, змены клімату на бліжэйшыя гады. У нас ёсць аддзел аграпрагнозаў, які пастаянна кансультуе Мінсельгас пра тое, як надвор'е ўплывае на рост культур.

Асноўная мэта нашай службы — гідраметэаралагічная бяспека. Своечасова папярэдзіць кіраўніцтва краіны, МНС, СМІ, насельніцтва. Так можам мінімізаваць шкоду і пазбегнуць ахвяраў".


Клімат Мінску: Больш за ўсё ападкаў выпадае ў Малінаўцы і Сухараве


Дзмітрый Рабаў: "Ёсць такі тэрмін — "клімат мегаполіса". Горад расце, развіваецца. І нават тэмпература паветра адрозніваецца на 2-4 градусы ў розных раёнах горада. У зімовы перыяд у цэнтры на 4 градусы цяплей, чым на ўскраіне. Гэтак жа адрозніваецца колькасць ападкаў. Нямігу топіць, а тут, на вуліцы Маскоўскай, нічога".


Еўрарадыё: У якіх раёнах горада выпадае больш ападкаў?


Дзмітрый Рабаў: "Калі працэс ідзе з захаду, то на сябе ападкі бярэ Малінаўка і Сухарава. Дажджы там выльюцца, а да Усхода і Уручча дойдуць толькі аблокі. Калі вы выехалі трошкі далей за Уручча, там ужо іншае надвор'е. На надвор'е ў Мінску ўплывае яшчэ рэльеф. Мінск знаходзіцца на ўзвышшы. Бываюць выпадкі, асабліва ў летні перыяд, калі ідзе атмасферны фронт і па ўсёй вобласці льюць дажджы. А Мінскае ўзвышша фронт абцякае, калі ідзе не высока. Потым злучаецца, і далей ізноў ідуць дажджы. Бывае наадварот: нідзе па Міншчыне няма дажджоў, ён падымаецца над Мінскім узвышшам, узмацняецца на ім, абвастраецца, і ў Мінску выліваюцца моцныя дажджы. А далей ён плаўна апускаецца і ідзе без ападкаў. Апошні прыклад — нядаўна па ўсёй краіне выпала няшмат снегу, а ў Мінску прайшоў вялікі снегапад".


Еўрарадыё: Якія паветраныя масы больш за ўсё ўплываюць на надвор'е ў нас?


Дзмітрый Рабаў: "У нас 90% — гэта заходні і паўночна-заходні перанос. Кухняй надвор'я ў нас з'яўляецца Атлантыка. Трошкі ўсход, што бывае зрэдку, выключэнне — сёлета, прыклад — нядаўнія маразы. І дзесьці 5% — гэта поўдзень: цыклоны, сфармаваныя пад Чорным і Міжземным морам. Нам пашчасціла, што ў нас няма гор і мораў, пакуль цыклон утвараецца над Атлантыкай і пройдзе Англію, Нямеччыну, Польшчу і Скандынаўскія краіны, да нас ён прыходзіць у паслабленым стане і не наносіць такой шкоды. Найбольш небяспечныя паўднёвыя цыклоны: яны больш магутныя за атлантычныя. Утварыўшыся над Міжземным морам, над Венгерскай нізінай, ён адразу імчыцца, і бывалі выпадкі, калі ён за 12 гадзінаў у поўнай моцы прыходзіў на нашую тэрыторыю. Тут першую ролю іграе спадарожнікавая інфармацыя. Мы за ім можам сачыць ад моманту ўтварэння".


Еўрарадыё: Чаму ж залівае Нямігу? Гэта таксама звязана з кліматам мегаполіса?

Дзмітрый Рабаў: "Што тычыцца Нямігі, то яна знаходзіцца ў нізіне і туды ўсе ападкі сцякаюць. Напэўна, прапускныя сістэмы будаваліся без уліку кліматычных дадзеных. Бывае, што за паўгадзіны выпадае ледзь не палова месячнай нормы. Вось тут можна казаць пра тое, што своечасовае і правільнае выкарыстанне прагнозаў і штармавых папярэджанняў прыносіць эканамічны эфект. У 2006 годзе да нас прыязджаў Сусветны банк дзеля таго, каб ацаніць эканамічны эфект гідраметэаслужбы. Яны гутарылі з нашымі спажыўцамі і прыйшлі да высновы, што адна ўмоўная адзінка, укладзеная на развіццё новых тэхналогій і методык, вернецца як 5, але не ў выглядзе чыстых грошай".


Еўрарадыё: А як адрозніваюцца тэмпературы ў розных рэгіёнах нашай краіны?


Дзмітрый Рабаў: "У нас, нібыта, тэрыторыя невялікая, але розніца ў тэмпературы можа дасягаць 25 градусаў. Ляжыць атмасферны фронт і падзяляе нашую краіну на дзве розныя паветраныя масы: поўнач і ўсход — у халоднай, а Брэстчына, Гродзеншчына і частка Міншчыны — у цёплай. І бывае так, што ў Брэсце +3 °C, а ў Віцебску -30 °C. Далёка хадзіць не трэба, зусім нядаўна было ў Гродне -7 °C, па Гомельскай і Магілёўскай абласцях да -30 °C".


Еўрарадыё: Ці праўда, што Гідраметэацэнтр плануюць перанесці са станцыі метро "Маскоўская" праз уплыў горада на дакладнасць паказанняў прыбораў?


Дзмітрый Рабаў: "Дзякуючы праграме Саюзнай дзяржавы і дзяржпраграме па прасоўванні метэаслужбы за апошнія гады мы вельмі прасунуліся наперад. Укаранілі і адаптавалі розныя лікавыя мадэлі, якія лічаць колькасць ападкаў, ціск, тэмпературы. Таксама ўсталяваныя новыя праграмныя комплексы па прыёме і апрацоўцы спадарожнікавай інфармацыі. Года паўтара ў нас стаіць праграмны комплекс, дзе мы ў online-рэжыме назіраем з космаса рух цыклонаў і антыцыклонаў. Вельмі моцна падвысілася колькасць кароткатэрміновых прагнозаў надвор'я і штурмавых папярэджанняў.


Мы ўжо бачым, што нейкі вельмі актыўны цыклон ідзе з Брытаніі, адсочваем кожныя 15 хвілінаў, з якой хуткасцю і ў якім кірунку ён рухаецца, і загадзя можам выпісваць штармавое папярэджанне.


У межах саюзнай праграмы распрацаваныя два комплексы — для аграметэаролагаў мы можам паглядзець стан сельгаскультур і спрагназаваць іх рост, а для гідролагаў можам паглядзець стан рэк, наколькі яны развіваюцца, ледзяныя заторы. Ён разлічвае, колькі вады ў снезе, каб рабіць гідралагічныя прагнозы. Усталяваны мінісуперкампьютар, які перадалі расійскія калегі. Цяпер мы незалежна ад Масквы разлічваем лікавыя мадэлі. Нам не трэба чакаць, пакуль яны палічаць.

Летась у Мінску паставілі два новыя метэалакатары. У Мінску стаіць 15 фінскіх аўтаматычных станцый, якія ў рэжыме рэальнага часу паказваюць, як мяняюцца метэапараметры — вільготнасць, ціск, тэмпература...


Станцыю збіраюцца пераносіць у раён Уручча. Калі гэта будзе? Мяркую, у бліжэйшы час, можа быць, сёлета".


У любым прагнозе  надвор'я закладаецца памылка


Еўрарадыё: Якія прагнозы надвор'я лічацца дакладнымі, а якія — проста ўгадванне? Чаму людзі скардзяцца, што яны не спраўдзіліся?


Дзмітрый Рабаў: "Самым аптымальным прагнозам ва ўсім свеце лічыцца прагноз на 7-10 дзён. У нас прагнозы на суткі спраўджваюцца на 95-96%, на 3 сутак — на 90-92%, на тыдзень — на 85-87%. На месяц спраўджваецца прагноз на 55-65%. Чым большы тэрмін, ты меншая верагоднасць.


Прагноз надвор'я — гэта навукова абгрунтаванае меркаванне наконт развіцця атмасферных працэсаў. Тут ужо закладзеная памылка. У лікавую мадэль убіваюцца дадзеныя, і яна разлічвае далейшую змену надвор'я. Але адны велічыні можна вымераць дакладна — напрыклад, вільготнасць і ціск, а іншыя дакладна вымераць нельга, таму закладаецца сярэдняе значэнне. І з улікам на бліжэйшы час вось гэтая памылачка, якая закладаецца напачатку, павялічваецца. Доўгатэрміновымі прагнозамі на сезон займаюцца 11 сусветных цэнтраў. Англія, Францыя і Расія. Англічане адмовіліся выносіць на агульны суд такія прагнозы, бо яны спраўджваюцца 50 на 50. Яны нічога не даюць, вы не можаце спланаваць нейкія вандроўкі, таму што нельга сказаць, якое надвор'е будзе ў пэўны дзень.

Надвор'е можа мяняцца за 2-3 дні. Вось утварыўся паўднёвы цыклон, і яго нельга за тыдзень спрагназаваць. Для таго, каб зрабіць прагноз, сіноптыку трэба ведаць, што адбываецца па ўсёй Еўропе. Плюс дадзеныя лікавых мадэляў. Яшчэ ўсё залежыць ад досведу і ведаў сіноптыка. Ён прымае канчатковае рашэнне, бо розныя мадэлі могуць даваць розны вынік".

Інтэрв'ю зроблена для праграмы "Форум Беларусь" на Еўрарадыё.

Нас можна слухаць у Брэсце на хвалях польскага "Radio dla Ciebie" 103,4 FM у суботу з 6 да 7 раніцы. 24 гадзіны на УКХ у Глыбокім, Паставах, Відзах і Мёрах на частаце 68,24 Мгц. У Пінску на хвалях украінскага радыё "Мелодыя" 105,3 і 107,1 FM, а таксама праз спадарожнік HOTBIRD 6—13° на ўсход, частата 11200 Мгц, вертыкальная палярызацыя, хуткасць плыні 27500 Ms/s, карэкцыя памылкі (FEC) 5/6.  ASTRA 4A—4,8° на ўсход, частата 12379.62 Мгц, гарызантальная  палярызацыя, хуткасць плыні 27500 Ms/s, карэкцыя памылкі (FEC) 3/4.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі