Чарговая траўма Арамнава: надарваў мышцу, але на чэмпіянат свету едзе

У гэтыя дні польскі Вроцлаў прымае чэмпіянат свету па цяжкай атлетыцы. Зборная Беларусі выступае ў наймацнейшым за гады складзе. Але самае гарачае, што анансавалася, — вяртанне на памост алімпійскага чэмпіёна-2008 Андрэя Арамнава. З-за бясконцых траўмаў, недарэчных дыскваліфікацый  і канфліктаў з ДАІ ён не выступаў аж з 2010 года.

Пытаемся ў Андрэя Арамнава, ці вылятае ён у Вроцлаў. Аднак цяжкаатлета заспяваем…на прыёме ў траўматолага нацыянальнай каманды.

“Вы ўяўляеце, тры дні таму атрымаў пашкоджанне. Трэба было адпачыць, а я гнаўся за вынікам, ішоў на сусветны рэкорд, — кажа Андрэй і ўдакладняе ва ўрача свой дакладны дыягназ. — Пашкоджана верхняя частка прамой галоўкі чатырохгаловай мышцы”.

“Як так выйшла!” — выказваемся, з роспаччу.

Андрэй Арамнаў: “Спачатку пачала цягнуць мышца, потым няправільна трохі дыягназ паставілі. Трэба было адразу перастаць трэніравацца, а я працягваў”.

Еўрарадыё: Ці на гэтым чэмпіянат для вас скончаны?

Андрэй Арамнаў: “Не. Яшчэ тры дні прайшло, яшчэ не зразумела, што будзе адбывацца далей з  гэтай траўмай. Калі абыйдзецца, то, у прынцыпе, запас  моцы ў мяне агромністы. Планаваў жа на рэкорд свету ісці. На трэніроўках вырываў 205 кг, штурхаў 245 кг (на 14 кг больш за арамнаўскі сусветны рэкорд 2008-га года. — заўв. Еўрарадыё)”.

Еўрарадыё: Выходзіць, што ў чарговы раз вас падвёў максімалізм…

“Ну, можна сказаць, так, — уздыхае атлет. — Такія вынікі падымаюцца пры дапамозе медыцынскіх і спартовых інстытутаў. Аднаму чалавеку складана ўтрымаць усю інфармацыю ў галаве”.

На спаборніцтвы Андрэй Арамнаў павінен вылецець ў чацвер. Выступленні ў яго вагавай катэгорыі (да 105 кг) пройдуць у заключныя дні чэмпіяната свету.

Нагадаем, што чэмпіянат праходзіць у Вроцлаве з 16 па 27 кастрычніка.

Еўрарадыё будзе сачыць за выступленнямі беларускіх цяжкаатлетаў. 

Фота budzma.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі