Чарговыя слуханні па справе Шульмана дагэтуль не прызначаныя
Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў канцылярыі па крымінальных справах суда.
Справа былога дырэктара прадзюсарскага цэнтра “Клас-Клуб ДК” Генадзя Шульмана да гэтага часу не вярнулася з экспертызы, куды яе накіраваў суд Савецкага раёна Мінску 28 траўня. Таму сказаць, калі будуць чарговыя слуханні па справе Шульмана, у судзе не могуць. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў канцылярыі па крымінальных справах суда.
Супрацоўніца канцылярыі: “Справа знаходзіцца на экспертызе. Экспертызу праводзяць, а потым вяртаюць справу нам, не паведамляючы загадзя пра гэта суду”.
Куды дакладна была накіраваная справа на экспертызу і што эксперты будуць правяраць, у судзе не патлумачылі.
Нагадаем, што Генадзя Шульмана затрымалі 6 кастрычніка 2009 года. Былога дырэктара прадзюсарскага цэнтра вінавацяць у махлярстве, злосным хуліганстве і нанясенні страты маёмасці. Па версіі следства, Шульман “пазычыў” 600 мільёнаў рублёў і не спяшаўся іх вяртаць. Сам прадзюсар сваю віну не прызнае ні па адным з абвінавачванняў.