Чатырох дзяцей даставілі з Украіны ў Мінск, каб адправіць у РФ да сваякоў
Дзеці, якіх даставілі з Украіны ў Расію праз Мінск
Мінск стаў перавалачным пунктам для чатырох расійскіх дзяцей, якія заставаліся ва Украіне пасля пачатку вайны. Іх пераправілі ў Беларусь, а потым — у Маскву да блізкіх. Пра гэта ў сваім тэлеграм-канале піша ўпаўнаважаная пры прэзідэнце РФ па правах дзіцяці Марыя Львова-Бялова.
Паведамляецца, што дзве дзяўчынкі не бачылі маці больш за 2,5 года, а ва Украіне яны абедзве жылі ва ўстановах.
Хлопчык Васіль з бабуляй паехаў да сваякоў ва Украіну, дзе мусіў затрымацца — спярша праз кавідныя абмежаванні, а потым — у сувязі з пачаткам вайны. Цяпер ён вярнуўся разам з бабуляй.
Бацька з дачкой-падлеткам перад расійскім уварваннем адправіўся ва Украіну наведаць маму, а потым не змог вярнуцца. Львова-Бялова заяўляе, што дзяўчынку дапамаглі перавезці ў Расію.
Расійская чыноўніца не ўдакладняе, яяк менавіта дзеці трапілі ў Мінск. Яна толькі заяўляе, што з пачатку расійскага шырокамаштабнага ўварвання "ўжо ўдалося ўз'яднаць 13 дзяцей з васьмю сем'ямі ў Расіі".
Акрамя таго, Львова-Бялова адзначае дапамогу Катара ў такіх перамовах і дзякуе Міжнародным камітэтам Чырвонага Крыжа.
Міжнародным крымінальным судом у Гаазе на Львову-Бялову і Пуціна выдадзеныя ордары за незаконную дэпартацыю дзяцей з акупаваных украінскіх тэрыторый.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.