Што забаронена ўдзельніцам конкурсу Міс Мінск?

Фота: potashnikov.com

Конкурс Міс Мінск ўсё больш пакрываецца скандаламі. На гэтым тыдні стала вядома, што адна з удзельніц была замужам і ў яе нават ёсць дзіця. А гэта строга забараняецца ўмовамі конкурсу. Дамова з канкурсанткамі налічвае 5 старонак. Але на рукі яе дзяўчатам не давалі. У самой дамове забаронена яе разгалошваць. Таму і ўмовы конкурсу трымаліся ў таямніцы.

Адна з фіналістак Міс Мінск перадала Еўрарадыё фота дамовы, якую падпісвалі канкурсанткі. Аказалася, напрыклад, што згодна з умовамі, дзяўчаты не могуць здымацца аголенымі, удзельнічаць у эратычных шоў ды іншых сумнеўных шоў на працягу года пасля конкурсу.

“8.2 Канкурсантка пацвярджае, што ніколі не мела дачынення да тэле-відэа-фотаздымак эратычнага, парнаграфічнага характару і любога рэпрадукавання падобнага характару. Канкурсантка абавязваецца не здымацца аголенай, не ўдзельнічаць у стварэнні прадукцыі эратычнага і парнаграфічнага характару, не ўдзельнічаць у сумнеўных шоў на працягу 1 (аднаго) года пасля Конкурсу”.

Міс Дружба Кацярына Войтус працуе стрыптызёркай, танчыць па замове і ў мінскіх клубах. Праўда, цяпер яе анкета з сайта striptiz.by знікла.

“Даруйце, але я не хачу каментаваць гэту тэму”, — адказвае дзяўчына на пытанне Еўрарадыё, ці працягвае яна працаваць у стрыптызе.

Таксама, згодна з умовамі, падчас конкурсу дзяўчаты не мелі права з'яўляцца на прыёмах, прэс-канферэнцыях і клубных мерапрыемствах без суправаджэння прадстаўніка СТВ і былі абавязаныя выконваць усе яго патрабаванні.

“3.13 Канкурсантка абавязваецца не з'яўляцца ня прыёмах, прэзентацыях, клубных мерапрыемствах, прэс-канферэнцыях і таму падобных мерапрыемствах без суправаджэння прадстаўніка Тэлекампаніі і выконваць усе яго патрабаванні, просьбы і рэкамендацыі”.

Цікава, што многія ўдзельніцы, як напрыклад, другая віцэ-міс Мінск Наталля Башура працуе ў клубе go-go-танцоркай.

Наталля адказала Еўрарадыё, што па-ранейшаму працуе ў клубе. Умовы падпісвала і "ўсе ўсё ведалі".

Яшчэ дзве канкурсанткі Вольга Кісялёва і Анжаліка Ціхановіч ўваходзяць у скандальны эратычны гурт, які стала выступае ў клубах.

На сваёй старонцы Вконтакте дзяўчаты падзякавалі журналістам і блогерам, якія пісалі пра скандал на конкурсе Міс Мінск, бо ў іх цяпер стала яшчэ больш выступаў. Хаця дамова, якую падпісвалі ўсе канкурсанткі, забараняе ўдзел у эратычных шоў цягам года.

У правілах прапісана, што канкурсантка можа быць адхіленая ад удзелу ў конкурсе, калі выявіцца, што яна мела эратычныя ці парнаграфічныя фота і відэа.

Забараняюць правілы крытыкаваць дзеянні тэлеканала публічна. Канкурсанткі не маюць права кантактаваць з іншымі СМІ, даваць інтэрв’ю павінны толькі са згоды арганізатараў. А ў кожным інтэрв'ю трэба узгадваць тэлекампанію, казаць пра высокую значнасць ролі СТВ у поспеху і папулярнасці канкурсанткі.

Якія яшчэ цікавыя пункты дамовы?

3.4. Канкурсантка абавязваецца ўзгадняць з тэлекампаніяй усе публічныя інтэрв'ю і заявы аж да пісьмовага выкладу і зацвярджэння тэлекампаніяй такіх заяў. Канкурсантка абавязаная ў кожным інтэрв'ю, заяве або любым іншым з'яўленні перад публікай згадваць тэлекампанію, казаць аб высокай значнасці яе ролі ў поспеху і папулярнасці Канкурсанткі.

3.5. Канкурсантка не мае права кантактаваць з іншымі прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі ў адсутнасць прадстаўніка Тэлекампаніі або прызначанай тэлекампаніяй даверанай асобы.

3.6. Канкурсантка абавязваецца ніколі не крытыкаваць і не ставіць пад сумнеў любыя дзеянні і распараджэнні Тэлекампаніі ці яе даверанай асобы ў прысутнасці ці непасрэднай блізкасці хоць бы адной трэцяй асобы.

3.9. Канкурсантка абавязваецца выконваць усе патрабаванні Тэлекампаніі да знешнасці Канкурсанткі і яе фізічнай формы, як то:

- Падтрыманне цела ў межах пэўнага вагі

- Штодзённы догляд за целам, тварам, скурай

- Захаванне акуратнасці і вызначанага тэлекампаніяй стылю ў вопратцы

3.11 Канкурсантка абавязваецца сачыць за сваім здароўем і ўсяляк пазбягаць дзеянняў, якія могуць нанесці шкоду любым частках цела.

3.12 Канкурсантка абавязваецца не прымаць алкаголь і любыя наркатычныя рэчывы напярэдадні і падчас любых з'яўленняў на публіцы, а таксама не здзяйсняць любыя іншыя дзеянні, якія могуць неспрыяльна адбіцца не яе працаздольнасці і фізічным або душэўным стане.

3.14 Канкурсантка абавязваецца зрабіць усё магчымае для таго, каб яе асабістыя праблемы не паўплывалі на творчыя планы Тэлекампаніі, у сувязі з чым Канкурсантка абавязана загадзя інфармаваць прадстаўнікоў Тэлекампаніі аб усіх зменах у сваім асабістым жыцці.

Нагадаем, што як аказалася ў конкурсе ўдзельнічалі дзяўчаты, якія працуюць у клубах танцоркамі, стрыптызёркамі і ў топлес-шоў.

8.1 Канкурсантка абавязана паважаць правілы Конкурсу і не аспрэчваць іх, асабліва працэс галасавання і вынікі.

У наступных пунктах прапісана, што з-за парушэння пагаднення арганізатар можа адхіліць ад удзелу ў конкурсе. А звесткі самаго пагаднення і акалічнасці могуць быць паведамленыя толькі сваякам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі