Фіналістка Міс Мінск: Арганізатары тэлефанавалі i раілі забыць пра конкурс

Адна з фіналістак скандальна вядомага конкурсу “Міс Мінск” праз колькі дзён пасля шоу са здзіўленнем даведваецца, што насамрэч… ніякага конкурсу і не было.

“Арганізатары патэлефанавалі ўдзельніцам конкурсу “Міс Мінск” і раілі нам забыць пра конкурс. Яны пачалі рабіць выгляд, што нічога не было. Адмоўчваюцца, ніякіх каментароў не даюць, фінал нават не паказалі. Многія крыўдуюць на гэта, — распавядае Еўрарадыё фіналістка “Міс Мінск”. — Я разумею гэтую тактыку — адсядзець, адмаўчацца. Дарэчы, вось такі цікавы момант: а хто будзе ўручаць карону праз два гады? І хто будзе на "Міс Супранэшнл" прадстаўляць Беларусь?”.

Але найбольш яе абурае, што пасля конкурсу ўсіх дзяўчат пачалі грэбці пад адно.

“Што ўсе стрыптызёркі і прастытуткі, аднак на конкурсе было шмат разумных, добрых і вартых перамогі дзяўчат. Беларусам толькі дай паабмяркоўваць — падтрымаць нельга. Шкада, што многія з добрых дзяўчат прайшлі ў фінал, але іх не заўважылі”.

Затое заўважылі танцорак і стрыптызёрак, якіх, паводле слоў дзяўчыны, было не дзве, а пяць і некаторыя не дайшлі да фінала. Дзіўныя паводзіны арганізатараў, у тым ліку відавочная перавага адным канкурсанткам перад іншымі, кідаліся ў вочы.

“Мо гэта супадзенне, але як у адным конкурсе аказалася пяць стрыптызёрак і танцорак, якія мала таго што ведалі адна адну, раней удзельнічалі ў адных праектах, ды яшчэ і пастаянна былі ў кадры? Калі нават падняць дзённікі конкурсу — адныя і тыя ж твары. Дзяўчат не трэба было прасіць — яны і самі ведалі, як і што рабіць перад камерай”, — распавядае прыгажуня і дадае, што для многіх шуміха стала добрым піярам.

Дзяўчына заўважае, што і арганізацыя конкурсу была не на ўзроўні: відэаздымкі затрымліваліся, выдаткі на манікюр, педыкюр, знешні выгляд клаліся на плечы дзяўчат. Падчас падрыхтоўкі канкурсантак на працягу дня нават не кармілі.

“Усё гэта мяне не зачапіла, бо я разумею: гэта конкурс і гэта патрабуе нейкіх фінансавых укладанняў і з нашага боку. Але, да прыкладу, нас не кармілі і ніхто не ўздымаў гэтае пытанне. Мо арганізатары думалі: усе з Мінска, таму і хай будзе так. Затое да фіналу мы дайшлі ўсе худымі і стройнымі”, — смяецца дзяўчына.

У многіх дзяўчат былі пэўныя цяжкасці з працай і вучобай: “Бралі фальшывыя бальнічныя лісты, адгулы, адпрошваліся ў экзаменатараў”.

Недзе за тыдзень да фіналу сярод дзяўчат нібыта пачалі хадзіць чуткі, хто якое месца зойме.

“Ну, чуткі і пацвердзіліся”, — усміхаецца дзяўчына.

Пасля конкурсу некаторых прыгажунь запрасілі на выпускны баль з прэзідэнтам: “Проста агучылі спіс тых, хто павінен паехаць на выпускны баль. Ніхто не спрабаваў адмовіцца”.

На балі ў прэзідэнта не абыйшлося без канфузаў. Пераможца “Міс Мінск” прыйшла… у той самай сукенцы, якая засвяцілася ў эратычнай фотасесіі ў клубе.

“Дзяўчаты потым распавядалі, што Яна Канцавенка прыйшла на баль у той жа сукенцы, што і была знятая ў эратычнай фотасесіі”, — пераказвае інфармацыю з надзейных крыніц дзяўчына.

Фота: strenger.livejournal.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі