"Міс Купалінка": Калі б прапанавалі карону "Міс Мінска", я б не адмовілася
Еўрарадыё спрабавала даведацца, хто цяпер носіць тытул "Міс Мінска-2013".
Ці пераглядаліся вынікі конкурсу "Міс Мінска", дагэтуль не вядома. Тэлеканал СТВ нічога не каментуе, гарвыканкам таксама.
Еўрарадыё вырашыла даведацца, ці, можа, вядуць перамовы з віцэ-міс. Бо менавіта ім будуць перадаваць карону, калі прымуць такое рашэнне.
Першай “Віцэ-міс" Кацярыне Скалабан карону не прапаноўвалі. Пра перагляд вынікаў конкурсу яна нічога не ведае.
"Я нічога не ведаю, таму нічога не магу сказаць. Нядаўна размаўлялі, але наконт таго, што было і што вырашылі, пакуль нічога не вядома".
"Міс Мінск Купалінка" Паліна Батракова распавядае Еўрарадыё, што арганізатары з ёй не звязваліся:
"Мы нават не ведалі, што трансляцыі не будзе, так яе чакалі ўсе. Але ніхто нічога не ведае".
Нагадаем, тэлеканал СТВ так і не паказаў у эфіры конкурс "Міс Мінска 2013".
А калі б карону "Міс Мінска" прапанавалі, то не адмовілася б, кажа Паліна Батракова. Але да самога скандалу ставіцца негатыўна.
"Натуральна, я б пагадзілася. Рашэнне ж, вядома, не за намі, а за членамі журы. Яны разам з арганізатарамі будуць прымаць, гэта ж не такое простае рашэнне. Але калі б мне прапанавалі, я б не адмовілася. Няправільна, што разгарэўся гэты скандал. І лічу, што не трэба пазбаўляць кароны Яну".
У аддзеле ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Мінскага гарвыканкама не адказваюць на пытанне Еўрарадыё, ці пераглядаліся вынікі конкурсу "Міс Мінска 2013":
"Я што, сябра журы? Тэлефануйце ў іншую арганізацыю. Гэтыя пытанні не знаходзяцца ў рамках маё кампетэнцыі".
Хто адказвае ў гарвыканкаме за конкурс, там не ведаюць.
Прэс-сакратар тэлеканала СТВ на пытанне, хто цяпер "Міс Мінска" адказвае, што нічога каментаваць не будзе.
Фота: potashnikov.com, nagornymodels.com, vk.com/miss_minsk_kupalinka