“Чым у арміі заняць праграміста? Пасадзім у танк!”

Праграміст Іван Сюльжын марыць пра сучасную армію для беларусаў з вышэйшай адукацыяй.

“У сучаснай арміі не трэба працаваць рукамі. Там трэба шмат людзей, якія будуць працаваць галавой, — распавядае Іван пра беларускія “кібервойскі” сваёй мары. — Туды набіраюць абсалютна любых спецыялістаў, якія могуць спатрэбіцца ў войску. Праграмістаў проста больш за ўсіх”.

А сёння ў беларускай арміі, па словах Сюльжына, праграмісту папросту няма чаго рабіць. У ваенкамаце яму, спецыялісту па абароне інфармацыі (дарэчы, не прыдатнаму для службы па зроку), прапанавалі быць “аператарам ЭВМ” — гэта “ўзровень звычайнай машыністкі”.

“У мяне шмат знаёмых, якія ў свой час лічыліся непрыдатнымі, і з гэтай адзнакай на ваенную кафедру не праходзілі. Але прайшоў час, крытэрыі памяняліся. Цяпер яны вымушаныя ці ісці служыць, ці шукаць нейкія іншыя варыянты”, — распавядае Еўрарадыё Іван Сюльжын. На яго думку, калі праграміст ператвараецца ў радавога, ён марнуе не толькі час службы, але і пяць гадоў вышэйшай адукацыі. Тэхналогіі не стаяць на месцы. Пасля арміі давядзецца ўсяму вучыцца нанова!

Хлопец марыць пра “кібервойскі”, у якіх праграмісты замест таго, каб паліраваць плац і чысціць сарціры, займаліся б тым, чаму іх вучаць — распрацоўкай праграм і інфармацыйнай бяспекай. Свае думкі малады праграміст выклаў у артыкуле для газеты “Беларусь Сегодня”. У Міністэрстве абароны гэты артыкул заўважылі. Але рэагаваць не спяшаюцца:

“У Сюльжына ёсць вельмі цікавыя прапановы. Перспектыўныя з гледзішча выкарыстання патэнцыялу людзей з вышэйшай адукацыяй, — распавядае Еўрарадыё прэс-сакратар Мінабароны Уладзімір Макараў. — Мы ўключымся ў дыскусію. Дарэчы, у Беларусі ёсць служба ў рэзерве, без адрыву ад вытворчасці. 90% там — людзі з вышэйшай адукацыяй. На постсавецкай прасторы такога больш нідзе няма”.

Беларускія праграмісты жывуць няблага. Яны атрымліваюць адны з самых высокіх заробкаў у краіне. Па Парку высокіх тэхналогій — у сярэднім $1600 за месяц, але гэта і ёсць сярэдні — то бок, даволі сціплы заробак. Праграмісты з ПВТ здымаюць кватэры ў арэндных дамах (у 3-4 разы танней за кошты па Мінску) і маюць падатковыя ільготы. Не дзіва, што не хочацца губляць час на службу радавым.

Палкоўнік Андрэй Шубадзёраў, начальнік Ваеннага інфармацыйнага агенцтва “Ваяр”, лічыць, што праграмісты ўжо цяпер запатрабаваныя ў беларускім войску: “Абавязкова чалавек, найбольш падрыхтаваны інтэлектуальна, і тым больш здаровы, ідзе ў армію. Ад гэтага нікуды мы не падзенемся. Галоўнае, каб праграмісты зразумелі, што ім трэба праходзіць гэтую школу. А там кожны камандзір знойдзе, дзе запатрабаваць яго лагічнае мысленне і здольнасць аптымізаваць працэсы”.

Вядома, падчас службы праграмісту не дазваляюць фрылансіць за заходніх заказчыкаў. Пазбегнуць вайсковага побыту і дысцыпліны таксама не атрымліваецца: наймаць для “кібервойскаў” прыбіральшчыцу нявыгадна. Праграмістаў займаюць па-іншаму: “Ну дзе мы можам ужыць уменні, напрыклад, распрацоўшчыка гульні “Свет танкаў”? Пасадзім яго ў гэты танк! Ён адчуе, як танк рухаецца, як працуе. Хіба гэта не звязана з яго працай?” — працягвае Андрэй Шубадзёраў.

Дарэчы, Міністэрства абароны ўжо некалькі гадоў супрацоўнічае з кампаніяй Wargaming. Сусветна вядомая гульня “World Of Tanks” заахвочвае геймераў служыць у войску. А “Свет танкаў” хутка ўсталююць у камп'ютарным класе ваеннай часткі ў Пячах. Але самі праграмісты да службы ў войску чамусьці ставяцца насцярожана: лепш пашукаць “нейкія іншыя варыянты”.

Фота: www.bankoboev.ru.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі