Чыноўнікі выявяць тых, хто працуе. Але не на дзяржаву

Падлічыць усіх, хто афіцыйна нідзе не працуе, і прымусіць іх уладкавацца на працу вырашылі ў Мінску. Па чутках, менавіта такая мэта ў акцыі, пра пачатак якой паведаміў днямі ў інтэрв’ю сродкам масавай інфармацыі кіраўнік ўпраўлення занятасці насельніцтва Мінгарвыканкаму Чэслаў Роўба.
Па словах самага кіраўніка, акцыя не больш, як маніторынг. Галоўная мэта яе — даследаваць агульны ўзровень беспрацоўя ў Мінску. Па магчымасці, з улікам тых, хто не зарэгістраваны ў цэнтры занятасці.

Чэслаў Роўба
: “У нашым горадзе ёсць людзі, якія нідзе не працуюць, і мы хацелі б задзейнічаць іх у эканоміцы гораду. Чалавек як мае права на працу, так і мае яго на тое, каб нідзе не працаваць. Іншая справа, што калі ты нідзе не працуеш, то… Самі ведаеце што”.

Чэслаў Роўба сцвярджае, што даследаванне ананімнае і ўдзел у ім — справа добраахвотная. Анкеты будуць раздаваць наведвальнікам цэнтраў занятасці і выбарачна разносіць па кватэрах.

Па словах кіраўніка ўпраўлення, выяўляць тых, хто нідзе не працуе, каб пазней пераследаваць, не будуць. І накіраваў па далейшыя тлумачэнні ў галоўнае ўпраўленне палітыкі занятасці і народанасельніцтва Міністэрства працы, дзе і распрацавалі анкеты для маніторынгу да спецыяліста ўпраўлення Алены Русаковай.

Алена Русакова: “У нас ужо з гэтага года пачынаецца змяншэнне працоўных рэсурсаў, паколькі менш людзей уваходзіць у працаздольны ўзрост.

Перад намі стаіць задача выявіць людзей, якія не звяртаюцца ў службу занятасці, а, магчыма, шукаюць працу самастойна. Хтосьці працуе без афармлення працоўных адносінаў, хтосьці выязджае за межы краіны. А любая дзейнасць павінна быць легальнай, і павінны выплачвацца падаткі і адлічвацца страхавыя ўнёскі”.


Алена Русакова таксама запэўнівае, што гэты пералік не больш чым маніторынг рынку беспрацоўя. Усе сабраныя звесткі будуць выкарыстоўвацца для распрацоўкі планаў вынішчэння беспрацоўя як з’явы.

Між іншым, паводле яе словаў, налета ў Беларусі будзе створана 140 тысячаў новых працоўных месцаў. У Міністэрстве працы сцвярджаюць: іх знойдзецца каму заняць.

Але калі ўявіць, што не знойдзецца, і выяўленых сённяшнім маніторынгам беспрацоўных будуць уладковываць на працу прымусова?

Патлумачыць, наколькі магчымасць прымусовага ўладкавання на працу адпавядае асноўнаму закону краіны — Канстытуцыі, старшыня Канстытуцыйнага суда Беларусі Рыгор Васілевіч адмовіўся.

Рыгор Васілевіч
: “Не гатовы нічога сказаць, як і не гатовы даваць інтэрв’ю. Вы ўжо выбачайце. Куды вы потым скарыстаеце мой каментар, мне невядома”.

Доктар юрыдычных навук, былы сябра Канстытуцыйнага суда Беларусі, прафесар Міхаіл Пастухоў ад каментару не адмовіўся. Ён сцвярджае, што прымусова ўладкоўваць на працу можна толькі тых людзей, наконт якіх ёсць адпаведнае рашэнне суда. Альбо тых, хто падпісаў працоўны кантракт.

Ва ўсіх іншых выпадках такі прымус супярэчыць 41 артыкулу Канстытуцыі Беларусі: ён замацоўвае за грамадзянамі краіны правы на працу, але не абавязвае да яе. А таксама супярэчыць ён Міжнароднай канвенцыі працы.

Пры гэтым Міхаіл Пастухоў не ўпэўнены, што звароты ў суд грамадзян, якіх стануць прымусова ўладкоўваць на працу, будуць мець плён і ім удасца адстаяць свае правы.

Міхаіл Пастухоў
: “У выпадку легальнага прымусу да працы неабходна звярнуцца са скаргай у вышэйшыя органы кіравання. І толькі калі там адмовяць у абароне вашых правоў, неабходна на працягу месяца звярнуцца ў суд па месцы знаходжання ўстановы, якая прыняла рашэнне наконт прымусовага працаўладкавання.

Але зыходзячы з судовай практыкі, можна меркаваць, што абскарджванне не будзе мець перспектывы, і грамадзяне наўрад ці здолеюць адстаяць свае правы”.

Застаецца без адказу пытанне, што стане рабіць дзяржава з тымі выяўленымі беспрацоўнымі, якія не хочуць нідзе працаваць альбо працуюць неафіцыйна. Варыянты два. Альбо іх прымусяць-такі працаваць, альбо загадаюць плаціць падаткі са сваёй неафіцыйнай працы. Інакш не зразумела, навошта было праводзіць гэты маніторынг.


Фота — photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі