Ці абкрадзе Беллегпрам кітайцаў?

Як стала вядома Еўрарадыё, беларускі НАК не вёў з кітайскімі вытворцамі формы для нашых алімпійцаў перамоў аб перадачы правоў на дызайн нашаму Беллегпраму. Аднак калі беларускі канцэрн надумае выпускаць “копію” алімпійскай формы, то наўрад ці будзе пытаць у кітайцаў на гэта дазволу. Мінула ўжо некалькі месяцаў з дня заканчэння летніх Алімпійскіх гульняў, а ў беларускіх крамах да гэтага часу так і не з’явілася сувенірная форма айчынных алімпійцаў. Еўрарадыё вырашыла даведацца прычыну такой затрымкі – ці то кітайская фірма, якая распрацоўвала дызайн і вырабляла форму для беларускіх спартсменаў, не аддае нашым вытворцам правы на яе выраб, ці то наш Беллегпрам не выказвае патрэбнай жвавасці.

Першы віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага Алімпійскага камітэта Беларусі Генадзь Аляксеенка паведаміў Еўрарадыё, што з кітайскімі вытворцамі НАК падпісаў дамову на выраб формы для нашых алімпійцаў да 2014 года і нічога змяняць у гэтым не збіраецца. А наконт таго, каб правы на дызайн формы кітайцы аддалі канцэрну Беллегпрам для вырабу сувенірнай прадукцыі, размовы нават і не ішло.

Генадзь Аляксеенка: “Дамова ў нас падпісаная да 14-га года, што яны будуць апранаць алімпійскую каманду. Нас гэта задавальняе і ні пра што іншае размовы не было. Эксклюзіўнае права на форму - іх, і гэта трэба дамаўляцца з імі. Мы пакуль на гэтую тэму з імі размовы не вялі”.

Першы намеснік старшыні канцэрна Беллегпрам Уладзімір Астроўскі прызнаўся Еўрарадыё, што вырабіць дакладна такую форму, у якой выступалі нашы алімпійцы, наша прамысловасць не ў стане – на беларускіх прадпрыемствах няма адпаведнага абсталявання для вырабу высокатэхналагічнай спартовай формы. Але зрабіць “копію” алімпійскай формы на ўзроўні звычайнага спартовага касцюма ім па сілах. Праўда, сур'ёзна наконт вырабу копій формы беларускай зборнай з апошняй алімпіяды ў Беллегпраме, паводле яго слоў, не задумваліся. Але калі вырашаць, то, магчыма, і пытацца на гэта дазволу ў кітайцаў не будуць.

Уладзімір Астроўскі: “Я мяркую, што дызайн, калі нашая нацыянальная зборная гэтую форму набывала, то гэта ўжо належыць Рэспубліцы Беларусь. Мяркую, што ў кітайцаў не трэба будзе пытацца па дызайне”.

Пэўны час таму прэзідэнт параіў супрацоўнікам Беллегпраму, каб яго прадукцыя не адставала ад моды, красці лякалы новых мадэляў адзення і абутку ў заходніх вытворцаў. Таму і пытанне правоў на дызайн формы беларускіх алімпійцаў можа нашых вытворцаў, па вялікім рахунку, не хваляваць. Атрымліваецца, што адсутнасць алімпійскай формы ў мінскім ГУМе тлумачыцца толькі непаваротлівасцю нашага Беллегпрама.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі