Ці можна спяваць "Перамен" і крычаць "Жыве Беларусь!" у беларускіх караоке
Віктар Цой / Галіна Кміт, ria.ru
Дырэктарка гродненскай кавярні-клуба "Чэмпі" Наталля Забашная забараняе наведвальнікам выконваць у караоке песні, якія ўключаюць "прыхаваны палітычны падтэкст". Напрыклад, "Перамен" гурта "Кіно".
Таксама падчас спеваў у кавярні забаронена выкрыкваць палітычныя лозунгі. У адваротным выпадку музыка будзе выключаная, "пакуль госці не супакояцца". А калі не супакояцца, адміністратар мае права выклікаць міліцыю.
"Гэта ўнутраны дакумент, яго выставілі на ўсеагульны агляд і ніхто не меў права гэтага рабіць! — абураецца Наталля Забашная. — Не трэба блытаць мух з катлетамі. Ёсць эканоміка, ёсць палітыка. Гэта проста каб пазбегнуць нейкіх канфліктаў. Людзі розныя адпачываюць і людзі нецвярозыя. Яны маюць розныя палітычныя погляды".
А як у іншых беларускіх караоке-клубах?
Вадзім, кіраўнік караоке-бара "Малінкі"(Віцебск): гэтыя песні не выконваюць у нашых сценах, як і турэмную лірыку
Ёсць пэўны стоп-ліст па песнях... шчыра кажучы, мне складана адказаць, увайшлі гэтыя песні [Цой, VOLSKI, Міхалок. — Еўрарадыё] у гэты стоп-ліст ці не. Але я ведаю дакладна, што гэтыя песні не выконваюць у нашых сценах, як і турэмную лірыку. Проста строга, каб мы ўвялі нейкія абмежаванні, асабіста я такія ўказанні не даваў. Для мяне песня "Перамен" не з'яўляецца апазіцыйнай. Тое, што яе прывязалі да гэтага, дзіўна. Таму што песні Цоя спявалі і будуць спяваць яшчэ доўга. Але ў нас гэтыя песні не спяваюць.
Ці было распараджэнне зверху не спяваць нейкія песні? Не, гэта глупства. У мяне нават у галаве не ўкладваецца, як дзяржулада можа даць распараджэнне проста не выконваць нейкія песні ў клубе. За 15 гадоў працы ў сферы кіравання я ні разу не сустракаўся з такімі рэчамі.
Крысціна, адміністратарка рэстарана і караоке "Жэмчуг" (Брэст): Мы не прытрымліваемся ніякай пазіцыі
На дадзены момант такіх нейкіх момантаў няма. Мы не прытрымліваемся ніякай пазіцыі. Кожны можа выконваць тое, што замовіць. Пакуль указанняў зверху не было.
Алёна, адміністратарка Angels Club (Мінск): адзінае абмежаванне — песні з нецэнзурнай лаянкай і шансон
У нас усё па-ранейшаму. Рэпертуар музыкаў, якія ў нас выступаюць, мы не абмяжоўваем ніякім чынам. Адзінае абмежаванне — песні з нецэнзурнай лаянкай і шансон. У нас не было ніякага ўказання зверху неяк скараціць або зрэзаць рэпертуар салістаў, тое самае тычыцца караоке.
Што тычыцца выкрыкаў палітычных лозунгаў гасцямі, мы прытрымліваемся такой тактыкі: на працы мы працуем. Наш персанал на працы ніяк не выказвае свае палітычныя погляды адкрыта, бо гэта можа ісці ўразрэз з якімі-небудзь перакананнямі гасцей. Па-за працай супрацоўнікі могуць займацца ўсім чым заўгодна, мець любы палітычную пункт гледжання, на працы — не. Такога, каб госці масава крычалі "Жыве Беларусь!", у нас пакуль не было.
Аляксандра, дырэктарка караоке-клуба "Багема" (Мінск): спяваць можна ўсё, акрамя фашысцкага гімна
Я бачыла загад з гродзенскага караоке-клуба. Нічога падобнага ў нас няма. Спяваць можна ўсё, акрамя фашысцкага гімна. Адзінае, у нас ёсць абмежаванні з нагоды размахвання сцягамі, але, думаю, гэта сёння тычыцца ўсіх устаноў.
Аляксандр, адміністратар Jagger Karaoke (Гомель): у нас могуць яшчэ крычаць "Жыве Беларусь! "і "Далоў вусатага!"
Няма абмежаванняў. Чорных спісаў не было, спяваць можна ўсё. Госці прыходзяць і спяваюць. У нас могуць яшчэ крычаць "Жыве Беларусь!" і "Далоў вусатага!". Ніякіх распараджэнняў зверху пакуль не было.
Анастасія, арт-дырэктарка Karaoke Faberzhe (Магілёў): Магілёў вельмі ціха да гэтага ставіцца
З пункту гледжання таго, каб не правакаваць сітуацыю, вядома, мы б стараліся абыходзіць бокам такія песні. Сказаць што забаранялі б — не, іх не спяваюць проста. Што тычыцца палітычнай сітуацыі ў краіне, Магілёў вельмі ціха да гэтага ставіцца. Я не тое што стаю і ўвесь час слухаю, што спяваюць, але палітычных песень не чула ні разу. Можа, гэта смешна, але заказваюць Лабаду, Кіркорава…
Цяжка сказаць, ці ўвялі б мы абмежаванні, калі б людзі пачалі спяваць песні накшталт "Перамен". Прымала б рашэнне ў любым выпадку кіраўніцтва. Думаю, калі б правакавалі нейкія канфліктныя сітуацыі, папрасілі б гэтага не рабіць. Але як можна забараніць спяваць? Калі чалавек спявае, ён самавыражаецца іншымі спосабамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.