Ці можна выпускаць Слуцкія паясы без дазволу навукоўцаў?

Cавет быў створаны ў адпаведнасці з дзяржаўнай праграмай па аднаўленні Слуцкіх паясоў. Менавіта ён павінен зацвярджаць адпаведнасць сучасных копій паясоў гістарычным арыгіналам.

"Савет дае дазвол на ўзнаўленне, на вытворчасць паясоў для канкрэтных мэтаў. Мы разглядаем і рэкамендуем паясы з таго ці іншага музея. Пакуль гаворка ідзе пра паясы нашых музеяў, таму што мы не маем права паўтараць паясы з музея у Маскве ці іншых краінах — на гэта патрэбны спецыяльны дазвол. А тыя, што ёсць у нас, яны могуць рабіць, пасля ўзгаднення з саветам", — кажа адзін з удзельнікаў савета, доктар мастацтвазнаўства Валерый Жук.

Пакуль што савет зацвердзіў вытворчасць двух паясоў. Прычым, адзін пояс яшчэ вывучаюць тэхнолагі, каб напісаць праграму для ткацкага станка. Але ў продажы ўжо з'явілася некалькі паясоў. Адзін з іх зроблены не з зусім якаснай копіі — з усімі пашкоджаннямі і палінялымі колерамі.

"Мы дакладна не ведаем, якія яны былі па колеры 200 гадоў таму. Нельга ўгадаць. Лепш і надзейней рабіць іх такімі, як гістарычныя арыгіналы. Сучасная вытворчасць не можа паўтарыць тыя, колеры, якія былі раней", — кажа ў эфіры канала СТВ вядучы мастак РУП "Слуцкія паясы" Антаніна Ісакава.

Навукоўцы прытрымліваюцца іншага меркавання. Рабіць копіі паясоў трэба без налёту часу і колеры трэба аднаўляць.

"Яе сцвярджэнне аб тым, што мы не ведаем, як гэта было ў XVIII стагоддзі не зусім праўдзівае. Мы ведаем, і можам дасягнуць пэўнага набліжэння. Дакладна паўтарыць пояс мы не можам, як і іншую рэч, якая адышла ў мінулае. Але мы можам дасягнуць пэўнага набліжэння", — лічыць яшчэ адзін удзельнік савета, дырэктар музея старажытнабеларускай гісторыі Акадэміі навук Барыс Лазука.

Барыс Лазука мяркуе, што калі дзяржава ўклала вялікія грошы ў аднаўленне вытворчасці Слуцкіх паясоў, то тут нельга займацца прафанацыяй і аддаваць справу на водкуп людзей, якія проста хочуць зарабляць грошы.

"Цяжка знайсці чалавека, які б пайшоў на тое, каб патраціць 5-6 тысяч долараў, каб купіць рэч і потым тлумачыць сваім сябрам, што гэта проста копія гістарычнага варыянта пояса, а на самой справе, паясы былі іншымі".

Таму вытворчасць павінна працаваць разам з навукоўцамі. Тым больш, што ў склад савета ўваходзіць шмат экспертаў, некалькі дактароў навук, рэстаўратараў і мастацтвазнаўцаў.

На думку Валерыя Жука, усё залежыць ад мэтаў, якія мы пераследуем. Калі пояс робіцца для музея, ён можа быць з усімі хібамі і стратай колераў.

"Тое, што яны робяць па прыватных замовах, яны маюць права рабіць як хочуць. Калі ж гэта для прадстаўнічых мэтаў, то строга толькі па дазволу савета. Калі гэта падарункавы, я перакананы, што ён мусіць адпавядаць першаўзору з тымі якасцямі і колерамі, якія былі".

Праўда, на слуцкім прадпрыемстве маюць іншы пункт гледжання і ўжо прадаюць копіі пояса, не зацверджаныя саветам, і не за малыя грошы. Каштуе пояс ад 40 да 70 мільёнаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі