Музей Багдановіча рассакрэціў слуцкі пояс (фота, відэа)
Што яшчэ захоўваецца ў фондах музея — таямніца, якую трошкі прыадкрылі для Еўрарадыё.
Музей Багдановіча ўпершыню паказаў унікальны цэлы слуцкі пояс, пра які раней пісала Еўрарадыё.
"Гэты пояс закуплены ў прыватнай асобы ў 1986 годзе, 31 студзеня, за 1000 савецкіх рублёў. Гэта даволі многа. Цяпер, калі мы прымаем прадмет у фонды, мы стараемся ў чалавека даведацца ўсю гісторыю. Але раней такога не было. Таму легенду пояса не запісалі. Ёсць версія, што ў гэтым поясе быў пахаваны чалавек, але ж дакладна мы пра гэта не ведаем. Гэта на ўзроўні міфаў", — распавядае Ірына Мышкавец, загадчыца навукова-экспазіцыйнага аддзела.
Гэты пояс сатканы з залатой, срэбнай і шаўковай ніткі. Яго даўжыня 3,6 метра, а шырыня 29,6 сантыметра, лацінскімі літарамі напісана "Sluck".
Усяго ў Беларусі толькі 5 такіх паясоў, яшчэ ёсць 5 аналагаў слуцкага пояса і каля 40 фрагментаў — кавалачкаў ад цэлага пояса. Два фрагменты мае ў сваіх фондах Музей Максіма Багдановіча.
Самы першы з іх перадалі з маскоўскага музея роўна 30 гадоў таму — у 1983 годзе. Другі фрагмент набылі ў 1990 годзе ў прыватнай асобы з Баранавіцкага раёна за 400 савецкіх рублёў. Сярэдні заробак у гэты год у Беларусі быў 270 рублёў. А вось кошт цэлага пояса, які набылі за тысячу ў 1986-м, аналагічны пяці сярэднім заробкам на той год.
Колькі цяпер каштуе слуцкі пояс, сказаць складана. Музей у Слуцку не мае ніводнага, але хацеў купіць. Была прапанова за 90 тысяч долараў.
У часы, калі слуцкія паясы ткаліся, яны таксама былі вельмі дарагой рэччу.
"Жаўнер мог купіць слуцкі пояс за гадавы заробак, — распавядае кіраўнік праекту Міхась. — Пояс у той час быў вельмі папулярны, пра што сведчыць вялікая колькасць падробак. Знакамітыя ліёнскія ткачы спрабавалі наладзіць вытворчасць слуцкіх паясоў у прамым сэнсе. Яны нават падпісвалі, што гэта слуцкія паясы".
Пояс быў не толькі ўпрыгожваннем, у ім хавалі грошы і насілі зброю. А Максім Багдановіч памыляўся, калі пісаў верш пра пакутных слуцкіх ткачых, бо ткалі паясы толькі мужчыны, жанчынам жа нават дакранацца да іх было забаронена. Цяпер жа дакрануцца да пояса зусім нельга, яго надзейна схавалі пад шклом. Але можна пабачыць. На працягу года ў межах праекту "Рэлікт" можна будзе пабачыць іншыя ўнікальныя прадметы з фондаў музея. Але якія... не прызнаюцца.
"Міхась, куратар праекту, сказаў, што адарве мне язык, калі я нешта скажу, — кажа Ірына Мышкавец. — Фонды ў нас вельмі багатыя. Ёсць розныя прадметы, фотаздымкі, кнігі, аўтографы, скульптура, што-небудзь цікавае падбярэм. Слуцкі пояс быў першым, як вельмі знакавы прадмет. Далей будуць прадметы, якія бліжэй да Максіма, якія звязаныя з яго асобай, якія ён трымаў у руках".
Таксама ў музеі плануюць праект "Ведай нашых", дзе будуць распавядаць пра людзей, звязаных з Максімам Багдановічам, і пра сучасных дзеячаў беларускай культуры.
Напрыканцы вечарыны выступіў гурт Re1ikt.